У Віцебску ўручылі абласную літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі
Цырымонія ўручэння абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі за 2012 год прайшла сёння ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Горкага.
Гэту прэмію, заснавальнікам якой з’яўляецца Віцебскі аблвыканкам, літаратары Прыдзвіння атрымалі ўпершыню. У журы ўваходзілі работнікі ўпраўленняў адукацыі, культуры, ідэалагічнай працы аблвыканкама, а таксама прадстаўнікі грамадскасці.
Сёння віншавалі чатырох лаўрэатаў. Дыпломы ім ўручыў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. У намінацыі “Паэзія” перамагла старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка. Узнагароду ёй прынесла кніга «У света тени нет».
У намінацыі “Проза (публіцыстыка і драматургія)” віншаванні прымаў пісьменнік з Докшыц Фёдар Палачанін – за кнігу «Шлях да Бога».
У намінацыі «Літаратура для дзяцей» лепшымі сталі аўтары падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, муж і жонка Сяргей і Галіна Трафімавы з Оршы (на першым здымку). Журы адзначыла шэраг іхніх прац: «Букварь Оршанский», «В мире зеленых чудес», «Они не должны исчезнуть», «Яичные загадки и разгадки», «Почемучкам о слезинках», «Отчего небо голубое, а море синее?», «Оранжевое диво».
Усе лаўрэаты атрымалі грашовае ўзнагароджанне ў памеры 30 базавых велічынь (3 мільёны рублёў).
Адзначым, што гэта не адзіная дзяржаўная літаратурная прэмія, якая існуе ў Прыдзвінскім рэгіёне. У 1999 годзе ўлады заснавалі прэмію імя Уладзіміра Караткевіча. Яна праіснавала да 2004 года. Потым аднавілася ў 2008 годзе. Дарэчы, з сённяшніх лаўрэатаў тады быў узнагароджаны Фёдар Палачанін. У 2010-м прэмію Караткевіча атрымала Тамара Краснова-Гусачэнка. Пасля вырашылі, што прэмію ў гонар аўтара “Каласоў пад сярпом тваім” і іншых шэдэўраў беларускай літаратуры дастаткова ўручаць раз на пяць год – на юбілеі Караткевіча.
Літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі, па словах П.Падгурскага, плануюць прысуджаць штогод.