Zabor едзе ў Віцебск

29 сакавіка арт-праект Zabor пачынаецца ў Віцебску. Выстава рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў, арганізаваная інвестыцыйнай кампаніяй “Зубр капітал” пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі, будзе праходзіць на агароджы батанічнага саду (скрыжаванне вуліц Камуністычнай і Урыцкага). Святочнае адкрыццё адбудзецца 29 сакавіка ў 17:00.
Адкрыццё выставы ў Мінску

Арганізатары праекту трымаюць у таямніцы праграму мерапрыемства, аднак абяцаюць шмат сюрпрызаў і добрых уражанняў.

“Карціны на шпацыры” – так адной ёмістай фразай можна апісаць арт-праект Zabor. Zabor – гэта выстава рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў наўпрост на агароджах гораду. Выстава ўжо была ў Мінску, Варшаве, а зараз Zabor едзе ў Віцебск. Стрыт-арт ці паблік-арт, які даўно ўжо акупаваў гарадскую прастору еўрапейскіх гарадоў, стане даступным жыхарам Беларусі. Асноўная ідэя падобных выстаў – зрабіць мастацтва больш даступным, сцерці межы паміж гледачамі і творам мастацтва.

Віцебская выстава будзе адрознівацца ад таго, што бачылі жыхары Мінску і Варшавы. “Мы хацелі не проста перавозіць ужо гатовую экспазіцыю з аднаго горада ў іншы, - адзначае Антаніна Серакова, куратар арт-праекту Zabor, - але прыладкоўвацца пад канкрэтны горад, яго спецыфіку і атмасферу. Істотна, каб праект увесь час развіваўся: у кожным горадзе мы дадаем у экспазіцыю штосьці новае”.

Што новага чакае жыхароў Віцебска? Перш-наперш, апроч чатырох мастакоў, якія экспанаваліся ў Мінску – гэта Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладыслаў Стальмахаў і Віктар Альшэўскі – гледачы змогуць пабачыць працы віцебскага мастака Аляксандра Дасужава. Яго працы не проста надзелены аўтарскім стылем, але, перш за ўсё, адлюстроўваюць асаблівасці таго, што ў мастацтве называюць віцебскай школай.

Апроч гэтага, арт-праект Zabor у Віцебску будзе прысвечаны не проста Беларусі і беларусам, але, у першую чаргу, самому гораду з яго дзівоснай гісторыяй, цікавымі падзеямі і штодзённымі турботамі. Такім чынам, Zabor – гэта не толькі нагода для шпацыру на вольным паветры, але і магчымасць паглядзець на сябе і на свой родны горад збоку.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ