Дэпутаты гарсавета навязалі Віцебску гімн Красновай-Гусачэнкі

Сёння, 27 сакавіка, на сесіі Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў быў зацверджаны гімн горада Віцебска. Ім стала “Песня аб Віцебску”, тэкст якой напісала Тамара Краснова-Гусачэнка, а музыку — Аляксандр Рауза.
Тамара Краснова-Гусачэнка пад час уручэння літаратурнай прэміі Петруся Броўкі. Фота Таццяны Мацьвеевай

Начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыёнак, якая прадставіла “Песню аб Віцебску” дэпутатам гарсавета, адзначыла, што гэты конкурсны варыянт выкананы на высокім прафесійным узроўні, мае яркую меладычную аснову і ўрачыстае гучанне. “У тэксце фрагментарна даецца апісанне горада Віцебска, гістарычных фактаў, легендарных падзей, падкрэсліваецца гераізм мінулых пакаленняў, што немалаважна для такога роду твораў”,— сказала Наталля Шыёнак. Гімн пасля грамадскага абмеркавання быў адобраны спецыяльна створанай абласной камісіяй, у склад якой, акрамя прадстаўнікоў віцебскай творчай інтэлігенцыі, увайшлі заслужаныя дзеячы мастацтваў рэспублікі Уладзімір Байдоў, Галіна Гарэлава і Віктар Войцік, паведамляе БелТА.

Нагадаем аднак, што адразу пасля агалошвання вынікаў конкурса, на якім перамог варыянт старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнкі, грамадскасць горада выказала непаразуменне і абурэнне тым, што гэты твор можа стаць афіцыйным гімнам Віцебска. Спецыялісты адзначалі як невысокую мастацкую вартасць тэкста, так і неадпаведнасць пададзеных у ім фактаў гісторыі горада. Напрыклад, вядомы віцебскі краязнаўца Аркадзь Падліпскі праз наш сайт звярнуўся з адкрытым лістом да гарсавета, у якім адзначаў, што заснаванне горада княгіняй Вольгай і вянчанне Аляксандра Неўскага ў Віцебску — гэта міфы, прыдуманыя толькі ў другой палове XX стагоддзя.

Скрыншот сайта Віцебскага гарвыканкама з вынікамі галасавання

Абмеркаванне ў інтэрнэце выявіла адмоўнае стаўленне жыхароў Віцебска да абранага журы варыянта. Гэта было бачна не толькі з каментавання на сайце “Народных навін Віцебска”, але і з галасавання на афіцыйным сайце гарвыканкама, дзе супраць гімна выказалася падаўляючая большасць — 743 галасы або 73,71%, у той час як "за" прагаласавалі толькі 240 чалавек (23,80%).

Гімн горада Віцебска (афіцыйны варыянт паводле www.vitebsk.gov.by):

1.Па-над Віцебскам цераз вякі

Храм Успення бялюткі ляціць.
Вольга мудрая ўзмахам рукі
Загадала: “Тут гораду быць!”

Залатых купалоў ціхі свет

І славутай гісторыі гімн,

Гонар горада – людзі твае,

Назаўжды ты у сэрцы маім.

Прыпеў:

Горад над Дзвіной,

Нібы белы птах,

Родны Віцебск мой,

Жыць табе ў вяках!

Хай цябе заўжды
Зберагае Спас,
Лік Яго святы
На гербе у нас!

2.Твае таленты славіць сусвет:
Між сузор’яў нябесных планет,
Навуковец, мастак і паэт
Свой высокі пакінулі след.

Тыя ордэны, што на сцягах –
Гэта доказ пра доблесць і плён,
Пра вялікі і велічны шлях
І плеяду славутых імён.

Прыпеў:
Кода:

Стаў нашым лёсам
Ты назаўсёды,
Ані забыць цябе,
Ні разлюбіць,
Нас аб’яднала
І доля, і мэта,
Віцебску многая,

Многая лета!

Першапачатковы тэст, перамогшы ў конкурсе

:

1.Па-над Віцебскам, цераз вякі
Храм Успення, каўчэгам ляціць.
Вольга мудрая ўзмахам рукі
Загадала: “Тут гораду быць!”
Благавешчанскі храм сэрцу люб.
У ім, на нашай Прыдзвінскай зямлі,
Заручаўся князь Неўскі на шлюб,
Хвалі дзвінскія ў сведках былі.

Прыпеў:
Горад над Дзвіной
Любім нездарма –
Родны Віцебск мой
Лепшага няма!
Хай цябе заўжды
Зберагае Спас!
Лік Яго святы
На гербе ў нас.

2.Твае таленты славіць сусвет:
Між сузор’яў нябесных планет,
Навуковец, мастак і паэт
Свой высокі пакінулі след!
Тыя ордэны, што на сцягах –
Гэта доказ пра доблесць і плён,
Пра вялікі і велічны шлях,
І плеяду славутых імен!

Прыпеў:
Горад над Дзвіной
Любім нездарма –
Родны Віцебск мой
Лепшага няма!
Хай цябе заўжды
Зберагае Спас!
Лік Яго святы
На гербе ў нас.

КОДА:
Стаў нашым лёсам
Ты назаўсёды,
А ні забыць цябе,
Ні разлюбіць!
Нас аб’днала
І доля і мэта!
Віцебску многая
Многая лета!
Многая лета!
Многая лета!
Многая, многая лета!

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ