«Лялька» прадставіла новую інтэрпрэтацыю казкі “Воўк і сямёра казлянят”

У Міжнародны дзень тэатра, які адзначаецца сёння, 27 сакавіка, “Лялька” запрасіла на прэм’еру. Мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук у сваёй пастаноўцы “Тук-тук! Хто там?” прадставіў новае бачанне вядомай усім казкі “Воўк і сямёра казлянят”.

Казлянят у новай версіі засталося ўсяго толькі… трое. Не, іх не з’еў злосны воўк. Проста ў казцы з’явіліся іншыя персанажы – мядзведзь і мастак-чараўнік. А яшчэ – шмат музыкі і нават цэлы рок-гурт. Акцёры ўжывую граюць на акардэоне, сінтэзатары, акустычнай і бас-гітарах.

Новая праца віцебскіх лялечнікаў насычана жартамі, імправізацыяй і інтэрактыўнымі зносінамі з залай. Маленькія гледачы ўвесь час нешта падказваюць, раяць акцёрам, а тыя да іх прыслухоўваюцца. Напрыклад, дзеці не захацелі, каб воўк быў пакараны, а папрасілі, каб яго адправілі на перавыхаванне – у віцебскі заапарк.

Сцэнаграфію спектакля зрабіў Аляксандр Сідараў, лялькі і касцюмы – Ганна Сідарава, музыку напісала Алена Яўневіч, над харэаграфіяй працавала Дзіяна Юрчанка, над тэкстамі песень і перакладам інсцэніроўкі – Людміла Сіманёнак.

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра ў “Ляльку” прыйшло некалькі прыемных навін. За яркае жыццё на сцэне артыст Алесь Маханькоў атрымаў узнагароду “Беларускага саюза тэатральных дзеячоў” – “Крышталёвага анёлка”. А Міністэрства культуры краіны адзначыла працу яшчэ некалькіх акцёраў: Вольга Маханькова атрымала нагрудны знак “За ўнёсак у развіццё культуры Беларусі”, Аляксей Макарскі – ганаровую грамату, Яўген Гусеў і Вольга Лазебная – падзяку міністра гэтага ведамства.

Свой наступны дзень нараджэння “Лялька” адзначыць праз месяц, 19-22 красавіка. Да віцебскіх артыстаў прыедуць калегі з украінскага горада Хмяльніцкі. У святочнай праграме будуць гульні, канцэрт, лепшыя спектаклі гаспадароў ( у тым ліку і прэм’ерны “Тук-тук! Хто там?”) і гасцей, выстава паштовак з віншаваннем тэатра на беларускай мове. Дарэчы, даслаць яго яшчэ не позна, і зрабіць гэта можа любы прыхільнік лялечнага мастацтва.

Чытайце яшчэ