На Віцебшчыне паводка ў першыя ж дні паказвае нораў
Карэспандэнт “Народных навінаў Віцебска” паспрабаваў дабрацца да вёскі Кучыншчына ў Лёзненскім раёне, з якой, пасля затаплення аўтамабільнага маста з боку трасы М8, сувязь адбываецца толькі праз падвясны мост праз Лучосу.
Згодна МНС, падтапленне аўтамабільнага маста ля Кучыншчыны адбылося 13 красавіка ў выніку разліцця рэчкі Ардышоўка. У вёсцы 6 жылых дамоў, дзе жыве 6 пенсіянераў і 2 чалавекі працаздольнага ўзросту. Ад перасялення яны адмовіліся.
На аўтамабілі мы даехалі да вёскі Асіпова, дзе мясцовыя жыхары патлумачылі, як дабрацца да падвяснога маста праз Лучосу. Праўда, папярэдзілі яны, спачатку трэба будзе ісці па кладках.
Кладкамі аказаліся некалькі дошак, кінутых у канаву, але праз іх ужо цурчэла вада. Праз паўтара дзесятка метраў фотакарэспандэнта “ННВ” чакала яшчэ адна канава, поўная вады, але ўжо без кладак. Пераправіцца праз яе ўдалося пры дапамозе кія, якім для гэтага нехта ўжо, падобна, карыстаўся.
Мост вітаў журботным віскам іржавых трасоў і рыпам гнілых дошак. Нягледзячы на пенсійны ўзрост канструкцыі, пераправіцца пры яе дапамозе, пры жаданні, можа не толькі пешаход, але і чалавек з роварам, або нават з матацыклам без каляскі.
На жаль, калі да Кучыншчыны заставалася некалькі крокаў, дарогу “ННВ” перарэзала яшчэ адна водная перашкода. На гэты раз рукаў Лучосы меў некалькі метраў шырыні. Сцежку з рыхлага лёду, па якой, відаць, перапраўляліся кучыншчынаўцы, пакрывала імклівая плынь. Фарсіраваць яго можна было б паспрабаваць у балотных ботах, або на надзіманай лодцы, аднак ні першага, ні другога ў карэспандэнта не было. Так што прыйшлося праставаць у адваротным напрамку, не пацалаваўшы нават клямку…
Прадаўшчыца крамы ў Асіпове распавяла, што яшчэ ў 12:00 людзі перапраўляліся па вісячым мосце. Як бачым, усяго праз тры гадзіны, калі мы прыехалі на месца, пераправа стала ўжо немагчымай.
Пасля гэтага мы паспрабавалі дабрацца да затопленага маста праз Ардышоўку, аднак лясная дарога аказалася непрыдатнай для легкавіка. Не рызыкнуўшы забуксаваць сярод лесу ў вялізных лужынах, машына з фотакарам “ННВ” вярнулася на трасу М8.
Уласна кажучы, нават проста праязджаючы па гэтай шашы, можна назіраць паводку, што набірала моц. Шырока разлілася Лучоса, якая падбіраецца да бліжэйшых гародаў і падмывае пясчаныя берагі. Рэчка-невялічка з красамоўнай назвай Сухадроўка зараз шырэйшая, чым Дзвіна ўлетку ля Кіраўскага маста. Балоты абапал шашы ператварылся ў азёры, дзе ўжо шукаюць пажыву чаплі.
Акрамя Кучыншчыны ў Віцебскай вобласці, як паведамляе МНС, затоплены мост і каля вёскі Ульянаўка Бешанковіцкага раёна, пра які мы пісалі ў мінулым годзе. Праўда зараз побач будуецца новы мост. На ім ужо зманціравана перакрыцце, усталяваная часовая агароджа. Насельніцтвам Ульянаўкі з дазволу кіраўніцтва будаўніча-мантажных прац мост ужо выкарыстоўваецца для пешаходнага пераходу.