ФК «Віцебск» распачаў новы сезон
ФК «Віцебск» сустрэчай з «Полацкам» распачаў новы сезон і свой другі паход у вышэйшую лігу. У стартавым паядынку віцебляне на сваім полі ўзялі тры ачкі, абыграўшы суседзей з лікам 2:1.
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер футбольнага клуба “Віцебск" Юрый Канаплёў паведаміў, што на сённяшні дзень у камандзе 22 футбалісты. “У нас ёсць, з чаго выбіраць”, – адзначыў ён. Перад гульнёй з “Полацкам” Канаплёў папярэджваў сваіх падапечных, што фізічна супернік будзе падрыхтаваны “на дзвесце адсоткаў”. Трэнер звяртаў увагу футбалістаў на “няважнае поле” і патрабаў ад іх кантролю мяча.
Вынік матча Канаплёў пракаменціраваў так: “Не ўсё адразу атрымліваецца, што хочацца… Некаторыя, напэўна, думалі, што "Віцебск" з’ездзіў на збор у Турцыю, і будзе па 5-6 галоў забіваць. Не бывае такога. Трэба, каб каманда згулялася. Спадабалася, што каманда верыла ў перамогу і змагалася за яе да канца”.
Канаплёў прызнаўся, што прэзідэнцкі ўказ аб дзяржпадтрымцы клубаў па гульнявых відах спорту, згодна з якім клубы першай і другой лігі зараз не атрымліваюць фінансавання, “прыбіў” ФК “Віцебск”. Па яго словах, футбалісты і трэнерскі штаб не атрымліваюць зарплату ўжо тры месяцы. Выйсцем з гэтай сітуацыі, на думку трэнера, можа стаць “прывязка” да якога-небудзь прадпрыемства-спонсара.