“Лялька” адсвяткавала дзень нараджэння
Віцебскія лялечнікі і прыхільнікі іхняга таленту адсвяткалі чарговы дзень нараджэння свайго тэатра. А "Лялька", аказваецца, зусім ужо дарослая - ёй споўнілася 27 гадоў. Народзіны ў тэатры святкавалі чатыры дні, з 19 па 22 красавіка.
У нядзелю, 21 красавіка, каля тэатра маленькіх гледачоў сустракаў духавы аркестр.
У тэатральным фае дзетак чакалі разнастайныя гульні і забавы. Можна было сфатаграфавацца з рыцарскім мячом або чароўнай трубой. Для стварэння вясёлага настрою дзеткам малявалі на тварыках розных прыгожых істот - матылькоў, птушачак, рыбак і інш.
Потым хлопчыкаў і дзяўчынак чакала танцавальна-забаўляльная праграма “Хвілінкі-весялінкі”, дзе яны сустрэліся з Карлсанам і Фрэкен Бок. Разам са знакамітымі героямі казкі Астрыд Ліндгрэн малеча "спякла" для любімага тэатра падарунак - высокі торт. Ну, было б дзіўна, каб такі аматар салодкага, як Карлсан, пажадаў бы, напрыклад, вырасціць ў якасці прэзента кветкі. Пасля святочнай праграмы дзяцей запрасілі на прэм’ерны спектакль “Тук-тук! Хто там?”.
У нядзелю танцавальна-забаўляльная праграма прайшла і перад спектаклем на ўкраінскай мове “Івасік-Тэлэсік” гасцей тэатра “Лялька” з горада Хмяльніцкі. А ў панядзелак, на развітанне, украінскія госці паказалі яшчэ адну пастаноўку - “Чароўная лямпа Аладзіна”.
Падчас святкавання дня нараджэння "Лялькі" ў фае можна было пабачыць невялічкую, але вельмі шчырую выставу паштовак з віншаваннямі на беларускай мове. Іх сваімі рукамі (ці трошкі з дапамогай бацькоў) зрабілі маленькія гледачы.