Жыхары Глыбокага Віцебскай вобласці выношваюць ідэю стварэння ў сваім горадзе музея, прысвечанага гэтаму гістарычнаму персанажу і знакамітаму герою кнігі Рудольфа Распэ.
Сёлета Глыбокаму споўніцца 600 год. Гараджане рыхтуюць да юбілею крэатыўныя падарункі. Некаторыя пакуль на ўроўні прапаноў. Так, адзін з удзельнікаў раённага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў Дзяніс Цэдзік выступіў з ідэяй стварэння музея барона Мюнхгаўзена. Малады чалавек падмацаваў сваю прапанову тым, што такія ўстановы ёсць у Калінінградзе, Маскве, Адэсе. "А чым наш горад горшы? Тым больш, што вішнёвую костачку, якой выстраліў у аленя, Мюнхгаўзен, несумненна, мог знайсці толькі ў ваколіцах Глыбокага", - упэўнены карэспандэнт раённай газеты "Веснік Глыбоччыны". Размова тут ідзе яшчэ пра адну адметнасць гэтага горада - вішні. Сёлета глыбачане нават збіраюцца зладзіць самы сапраўдны вішнёвы фэст.
Але вернемся да Мюнхгаўзена. Чаму глыбачане лічаць гэтага персанажа "сваім"? Усё проста: на мясцовых могілках пахаваны чалавек з гэткім жа прозвішчам. Той самы гэта барон ці не - канешне, загадка. Але глыбачанам прыемна думаць, што той.