Артыкул карэспандэнта “ННВ” Таццяны Мацьвеевай перамог у конкурсе “Вольнае слова”
Карэспандэнт “Народных навінаў Віцебска” Таццяна Мацьвеева ўвайшла ў лік пераможцаў конкурсу “Вольнае слова”, які праводзіўся Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Да разгляду журы было прапанавана больш за сотню тэкстаў. Артыкул Таццяны “Когда солнце – пятно, а деревья – тени”, прысвечаны Дзмітрыю Халадовічу, атрымаў другое месца ў намінацыі "Мастацкая публіцыстыка".
Гэтым разам асобная намінацыя для рэгіянальных СМІ не вылучалася. “Цешуся, што сярод пераможцаў конкурсу шмат калегаў з рэгіёнаў Беларусі, якія канкуруюць і годна перамагаюць у асноўных намінацыях у надзвычай вострай барацьбе за “Вольнае слова“, – зазначыў Юрась Карманаў, старшыня журы.
Для Таццяны Мацьвеевай не існуе забароненых і нязручных тэм. Разам з тым яна ўмее нетрывіяльна зірнуць на самы “замылены” сюжэт. Яе майстэрства прызнаюць нават нязгодныя з грамадскай пазіцыяй і поглядамі аўтаркі. Перамога ў “Вольным слове” – не выпадковасць, а годная адзнака ўзроўню і прафесійнай самаадднасці.