Не шукайце, такой службы вы не знойдзеце ні ў адным даведніку тэлефонаў першаснай неабходнасці. І тым не менш яна побач з вамі кругласуткава. І ў рэальным, і ў віртуальным свеце. Гэта праца СМІ.
Дзейнасць журналіста ў чымсьці вельмі падобна на працу супрацоўнікаў служб 101, 102, 103 і 104. Выратавальнікі, міліцыянеры, медыкі і газавікі часта працуюць у надзвычайных і стрэсавых абставінах, калі трэба імгненна прымаць рашэнне, ад якога залежаць чыёсьці жыццё, спакой і дабрабыт.
Аператыўнасць – гэта і адна з прафесійных якасцяў журналіста. І вось ты зноў бяжыш на злом галавы, каб як мага найхутчэй выдаць сваю чарговую навіну. Бо хтосьці яе ўжо чакае. Камусьці без гэтага паведамлення – ніяк. А камусьці яна, магчыма, адкрые па-новаму далягляд. А хтосьці дзякуючы тваім радкам зноў зачэпіцца за жыццё. Ці пойдзе тварыць дабро. Адзін Бог ведае, як гэта маленькая навіна паўплывае на гэты вялікі свет. Ад цябе залежыць толькі адно: напісаць яе хутка і нічога не сказіць.
Любімая прафесія амаль штодня чамусьці вучыць. Адным з апошніх урокаў стала разуменне: няважных артыкулаў не бывае. Трэба пісаць кожны, як апошні. Цалкам выкладаючыся, максімальна добра і якасна. Нават калі з-за аўралу ў цябе не было часу толкам паесці і выспацца. Нават калі ад стомы ты ўжо ненавідзіш і гэты кампутар, і гэтыя радкі, і сябе. Халтурыць усё адно нельга. Чытач тут жа гэта заўважыць і не даруе.
Адным з адкрыццяў стала яшчэ і вось такая рэч. Ускосна яна адносіцца да этыкі прафесіі. Цудоўна жывецца таму журналісту, які перамог у сабе творчы эгаізм і навучыўся шчыра радавацца поспехам калег. І вучыцца ў іх.
З Сусветным днём свабоды друку, дарагія калегі і шаноўныя чытачы! Давайце берагчы адзін аднога і ашчадна ставіцца да Слова.