У Віцебску адкрылі мемарэальную дошку Мікалаю Каспяровічу —рэпрасаванаму ў гады сталінізма навукоўцу
Мемарыяльная дошка ў гонар Мікалая Каспяровіча — выбітнага беларускага навукоўца, загінуўшага ў жорнах сталінскіх рэпрэсій — была адкрытая ў Віцебску 21 траўня на будынку №4 па вуліцы Крылова.
Дагэтуль Каспяровіч ў Беларусі быў ушанаваны толькі самаробнай дошкай у вёсцы Ізабалёва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, дзе ён нарадзіўся 21 траўня (па новаму стылю) 1900 года. Ініцыятыва ўсталявання мемарыльнай дошкі аднаму з першых краязнаўцаў Беларусі ў Віцебску паўстала стараннямі сучаснага вядомага краязнаўца з нашага горада Аркадзя Падліпскага.
Стварылі дошку два віцебскія скульптары — Іван Казак і Аляксандр Гвоздзікаў. Грошы на яе выраб сабралі нашчадкі Мікалая Каспяровіча. Пасля шэрага ўзгадненяў з вышэйстаячымі інстанцыямі віцебскія ўлады далі дазвол на яе ўсталяванне.
У доме №4 па вуліцы Крылова Мікалай Іванавіч жыў у 1926 годзе, гэта вядома дзякуючы абвестцы пра сход краязнаўцаў у газеце “Віцебскі рабочы”. Таксама дошку можна было б размясціць на сучасным будынку КДБ, дзе ў тыя гады размяшчаўся Віцебскі акруговы аддзел адукацыі, інспектарам якога працаваў Каспяровіч. Трэці будынак, повязь якога з жыццём краязнаўца ўстаноўлена, знаходзіўся ў раёне сучаснай абласной бібліятэкі, але не ацалеў.
На ўрачыстасці, прымеркаваныя да 113-х угодкаў з дня нараджэння выбітнага навукоўца, прыехалі яго родныя з Вялікага Ноўгарада: унучка Галіна Каспяровіч, праўнук Яўген Белацелаў і прапраўнучка Кацярына Белацелава. Яны далучыліся да пляменніка Мікалая Касяпровіча —Анатоля Касяпровіча і ўнучатага пляменніка — Сяргея Каспяровіча, якія жывуць у Віцебску.
Таксама прысутнічалі вядомы віцебскі краязнаўца і журналіст Аркадзь Падліпскі, кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт ВДУ Аляксандр Лісаў, кандыдат філалагічных навук дацэнт ВДУ Юрый Бабіч, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуцы Валерый Шышанаў, намеснік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі.
Ад белага пакрывала новую віцебскую мемарыяльную дошку вызвалілі адзін з яе скульптараў Аляксандр Гвоздзікаў, унучка краязнаўца Галіна Каспяровіч і Пётр Падгурскі. У сваёй прамове спадар Гвоздзікаў пашкадаваў, што з-за абарванага ў 37 гадоў чэкісцкай куляй жыцця, Мікалай Каспяровіч шмат чаго не паспеў зрабіць, і адзначыў, што душа выбітнага чалавека павінна быць зараз на небе, а яго каты круціцца ў кіпячай смале ў пекле.
Мікалай Іванавіч Каспяровіч (1900-1937) – выдатны дзеяч беларускай навукі, славуты краязнавец. Яго імя непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення Беларускай акадэміі навук, ён – адзін з арганізатараў масавага краязнаўчага руху ў Беларусі. Вобласці яго навуковай дзейнасці разнастайныя – мовазнаўства, гісторыя беларускай культуры, літаратуры, мастацтва. Нарадзіўся 9 (21) мая 1900 года ў маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і арандатара.
Цікавым і насычаным самастоўнай арганізатарскай, метадычнай, навуковай працай стаў перыяд жыцця М.І. Каспяровіча, звязаны з Віцебскам. Пасля ўваходжання часткі тэрыторыі Віцебскай губерні ў склад Беларускай ССР у памежным з Расіяй краі разгарнулася вялікая мэтанакіраваная праца па вяртанню і аднаўленню беларускай нацыянальнай культуры. Справа была падмацавана дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Для вядзення арганізацыйнай працы ў гэтым накірунку М.І. Каспяровіч быў прызначаны Наркаматам асветы БССР на пасаду інспектара Віцебскага акруговага аддзела адукацыі з пачатку жніўня 1924 г. Віцебскі перыяд непрацяглага жыцця Мікалая Іванавіча зусім кароткі – два гады (з восені 1924 г. да восені 1926 г.) – насычаны вялікімі справамі. Менавіта ў Віцебску ён распачаў многія свае працы, якія мелі плённы працяг у далейшай яго навуковай і арганізатарскай дзейнасці, былі пакладзены ў аснову яго друкаваных прац. Адначасова гэтыя справы мелі вялікае значэнне для віцебскага асяродку.
Галоўным накірункам дзейнасці М.І. Каспяровіча ў Віцебску стала краязнаўчая праца. Па ініцыятыве і пры непасрэдным яго кіраўніцтве было ўтворана Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Калі быць дакладным, фарміраванне краязнаўчай грамадскай арганізацыі ў Віцебску распачалося яшчэ напярэдадні прыезда М.І. Каспяровіча, але менавіта яго намаганнямі акруговая арганізацыя зрабілася сталай, абапіраючыся ў сваёй працы на сетку мясцовых (павятовых) і ніжэйшых (школьных) арганізацыі. Краязнаўчае таварыства аб’ядноўвала больш за 1000 сяброў. Яно працавала ва ўзгадненні з праграмай дзейнасці Інстытута беларускай культуры, першай беларускай навковай арганізацыі, утворанай у 1922 г., якая была рэарганізаваная ў 1928 г. у Беларускую акадэмію навук.
Віцебскае краязнаучае таварыства разгарнула значную выдавецкую дзейнасць. Былі выдадзены ў 1925 і 1928 гг. два выпускі краязнаўчага альманаха Віцебшчына, які не толькі друкаваў даследаванні Віцебскага краю, але меў вялікае метадычнае значэнне для арганізацыі краязнаўства. Выдаваліся асобныя працы І.П. Фурмана, А.А. Шлюбскага. У Віцебску выдадзены кнігі Каспяровіча “Беларуская архітэктура”, “Беларускі арнамент”, у яго разам з З.І. Горбаўцам перакладзе з нямецкай мовы праца А. Іпеля “Беларускае мастацтва”. Усе гэтыя невялічкія кніжкі адыгралі значную ролю ў станаўленні беларускай мастацтвазнаўчай навукі.
М.І. Каспяровіч падтрымаў справу арганізацыі ў Віцебску мясцовай філіі літаратурага аб’яднання “Маладняк”, з дзейнасцю якога звязаны імёны шэрагу таленавітых маладых літаратараў новай Беларусі.
У ВіцебскуМ.І. Каспяровіч распачаў справу вяртання мясцовай моўнай спадчыны краю. Праграма збірання мясцовага слоўніка беларускай мовы выконвалася пры каардынацыі з агульным планам Інстытута беларускай культуры. Слоўнікавы матэрыял, сабраны віцебскімі краязнаўчымі арганізацыямі пад кіраўніцтвам Каспяровіча, ім апрацаваны, мае вялікае значэнне і для сённяшняга дня, калі паўстае праблема вяртання сапраўднай беларускай мовы, не забруджанай расійскім моўным уплавам.
Каспяровіч раздзяліў лёс значнай, калі не большай, часткі тагачаснай беларускай інтэлегенцыі — ён быў арыштаваны ГПУ БССР 29 чэрвеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы АГПУ СССР ад 10 кастрычніка 1931 зняволены ў лагерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобл.). Пасля вызвалення вярнуцца на Беларусь не дазволілі і з 1935 года Каспяровіч жыў у Новасібірску, выкладаў расейскую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28 жніўня 1937 года; паводле пастановы ад 17 снежня 1937 прыгавораны да расстрэлу. Паводле першага прыгавора рэабілітаваны 19 верасня 1960 Вярхоўным судом БССР, паводле другога — 14 лютага 1958 Ваенным трыбуналам Сібірскай ваеннай акругі.