Звадзіце дзіця на беларускі мульцік – “Прыгоды Несцеркі”
У віцебскім Доме кіно з 1 чэрвеня пачнуць паказ першага беларускага поўнаметражнага анімацыйнага фільма "Прыгоды Несцеркі".
Сеансы будуць пачынацца ў 11.00, 12.30, 14.00, 15.30, 17.00. Фільм разлічаны для сямейнага прагляду.
"Прыгоды Несцеркі" знялі на "Беларусьфільме", рэжысёр - Ігар Волчак. Над гэтай карцінай ён працаваў амаль 10 гадоў.
Мульцік складаецца з васьмі эпізодаў жыцця папулярнага героя народных легенд і казак. Несцерка тут не адзін, а з сябрамі - катом і сабакам. І, як заўжды, з прыгодамі: ён ператварае гліняныя чыгуны ў цымбалы, губляе багацце, перамагае Змея-Гарыныча, ратуе каханую, стварае сям'ю, вядзе сваю гаспадарку...
Мульцік створаны па матывах беларускіх народных казак. У ім безліч яскравага гумару і прыказак: “Не сунь носа ў чужое проса”, “Захочаш есці, навучышся і колы гнуць, і лапці плесці”, “Не пазнаўшы ліха, не пазнаеш і радасці” і інш. На "Прыгодах Несцеркі" вашае дзіця не толькі адпачне і пасмяецца, але і чамусьці навучыцца.
У Беларусі фільм пра Несцерку паказваюць на роднай мове. Для кінапракату ў Расіі ён мае рускамоўны варыянт. А для ўдзелу ў замежных фестывалях маюцца і англійскія субцітры.