“Лялька” закрывае творчы сезон
У Беларускім тэатры “Лялька” 2 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае закрыццё 27-га тэатральнага сезона.
Перад спектаклем “Тук-тук! Хто там?” маленькіх аматараў “Лялькі” ў 11.00 чакае танцавальна-забаўляльная праграма ў фае тэатра. Гэтым разам да дзетак на свята завітае добры доктар Айбаліт, які атрымаў сумную тэлеграму з навінай пра хваробу кагосьці з прысутных гасцей. На шчасце, тэлеграма аказваецца памылковай, а дзеці не толькі знаёмяцца са знакамітым доктарам, але яшчэ трапляюць у Афрыку і дапамагаюць яму вылечыць маленькае ільвянятка.
Акрамя таго, дзетак чакаюць танцы, песня “Бібіка” ў выкананні вучня дзіцячай музычнай школы №4, гімнастычны нумар “Матылькі” навучэнак спартыўнай студыі “Драйв”.
У праграме занятыя артысты тэатра “Лялька”, вядучыя майстры сцэны Ларыса Мартынава і Аляксей Макарскі. Святочную праграму для дзетак падрыхтавала Вольга Власава.
Працягласць танцавальна-забаўляльнай праграмы — каля 20 хвілін.
Па заканчэнні святочнай праграмы ў фае ў 11.20 адбудзецца спектакль для дзяцей 5-7 гадоў “Тук-тук! Хто там?”.