Гэту карціну ў Віцебск ужо не прывязуць
У Брэсце адкрылася выстава вядомага расійскага мастака Нікаса Сафронава. У горад над Бугам майстар прывёз больш за 70 сваіх прац. Аднак, бадай, найбольш гледачоў уразіла карціна
"Лукашэнка ў касцюме часоў Скарыны".
Як распавёў Нікас Сафронаў мінскім журналістам, прэзідэнт Беларусі яму спецыяльна не пазіраваў. "У яго то пасяўная, то яшчэ нешта. Але ў нас ёсць дамоўленасць аб тым, каб напісаць партрэт. А гэта пакуль назіральныя эскізы", - адзначыў мастак.
Спачатку меркавалася, што пасля Брэста карціну пакажуць у Гомелі, Гродне, Віцебску, Магілёве, а напрыканцы ў Мінску. Аднак сёння гэты партрэт з выставы знялі, і асабіста берасцейскі губернатар павёз яго ў сталіцу - каб уручыць падарунак кіраўніку дзяржавы.
Трэба дадаць, што жыхарам Віцебска, які лічыцца культурнай сталіцай Беларусі, творчасць Нікаса Сафронава ўжо вядомая - мы мелі магчымасць наведаць ягоныя выставы падчас двух "Славянскіх базараў" у папярэднія гады.