Рэдактар “ННВ” Сяржук Серабро перамог у конкурсе “Прэс-фота Беларусі”
Сярод сёлетніх лаўрэатаў прэстыжнага конкурсу прафесійнай медыя-фатаграфіі "Прэс-фота Беларусі" ёсць рэдактар штодзённай інтэрнэт-газеты "Народныя навіны Віцебска" Сяржук Серабро. Ён заняў першае месца ў намінацыі "Навіны" з серыяй фотаздымкаў, якія былі зроблены падчас суда над вядомым дэмакратычным актывістам Сяргеем Каваленкам.
Гэтыя здымкі - з серыі рэпартажаў "ННВ", якія былі апублікаваны 21 студзеня, 22 студзеня, 23 студзеня і 24 студзеня 2012 года.
Другое месца ў намінацыі "Навіны", таксама з серыяй фота, заняў фотакарэспандэнт фотакарэспандэнт Сяргей Балай. Прыемна, што ён таксама наш зямляк, ураджэнец Наваполацка, раней працаваў на незалежным партале "Хімік".
Гран-пры конкурсу заваяваў фотакарэспандэнт ведамственнай газеты МУС "На страже" Вячаслаў Цуранаў.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Прэс-фота Беларусі 2013» адбылася сёння ў студыі "Знята" ў Мінску. Усяго было адзначана 26 адзіночных работ і 21 серыя.
Адкрыты незалежны конкурс "Прэс-фота Беларусі" праходзіць у чацвёрты раз. Ён закліканы стымуляваць развіццё айчыннай фотажурналістыкі, падтрымліваць абмен вопытам паміж беларускімі фатографамі, фармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.