У Віцебску рыхтуюцца да пуска новых тралейбусных маршрутаў. Фотарэпартаж
Калі большасць жыхароў Віцебска ўжо спіць, супрацоўнікі Віцебскага трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення на перакрыжаванні праспекта Будаўнікоў і вуліцы Петруся Броўкі злучаюць драты новай тралейбуснай лініі з ужо існуючай сеткай.
У мікрараён Медцэнтр пойдуць два маршруты — ад чыгуначнага вакзала і ад Смаленскага рынка. Іх урачысты пуск прымеркаваны да святкавання Дня горада і адбудзецца ў пятніцу, 28 чэрвеня, а 16-й на перакрыжаванні вуліц Чкалава і Петруся Броўкі.
Каб найменш перашкаджаць руху транспарта, працы, збольшага, вядуцца ў цёмны час сутак. Як ужо паведамлялі “ННВ” гэтае перакрыжаванне перакрывалася з 21:00 21 чэрвеня па 12:00 22 чэрвеня, тое ж будзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня.
Пад час мантавання тралейбуснай лініі тут нават пешшу хадзіць не вельмі бяспечна — паўсюль драты, якія замяняюць або нацягваюць новыя. Вуліцы на пэўнай адлегласці ад перакрыжавання перакрытыя, аднак знаходзяцца тыя, хто рызыкуе праскочыць — з імі размову вядзе ДАІ, супрацоўнікі якой дзяжураць на месцы працаў.