Музыка да спектакля
Да юбілею кіраўніка музычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Аляксандра Маркавіча КРЫШТЫФОВІЧА
Як працаваць у тэатры – дык жыць у ім. Хочаш-не хочаш, а яно само сабе гэтак адбываецца. Жыць, ды яшчэ – у мностве іпастасяў. “Кіраўнік музычнай часткі тэатра” – гучыць “па-начальніцку”. Але, насамрэч, пасада тая шырэйшая за баковае назіральніцтва і звычайную арганізацыю працэсу. Кіраўніка музчасткі коласаўскага тэатра Аляксандра Крыштафовіча і на сцэне пабачыць можна, і ў студыі, і за клавішамі падчас імпрэзыаў у тэатры, і за пультам гукарэжысёра, і за аркушам нотнай паперы. Удзень, а часам – і ўночы. Напрацягу 27 год працы ў Коласаўскім тэатры Аляксандр Маркавіч напісаў музыку і зрабіў музычнае афармленне больш за 70 спектакляў. Сёлета яскраваму творцу і кампазітару спаўняецца 50 год. Нагода, вартая бліжэйшага знаёмства Віцебчукоў з чалавекам, які валодае таямніцай стварэння тэатральнай музыкі.
“Праз музыку чалавек выказвае сябе. А ў тэатральнай музыцы дзеля таго дыяпазон шырэйшы. У ёй болей руху наперад, болей развіцця. А галоўнае – выразнасці”, – упэўнены Аляксандр Крыштафовіч. Музычнае афармленне спектакля можа адбыцца двума шляхамі: падборам патрэбных кампазіцый ці адмысловым яе напісаннем твораў. Тут усё залежыць ад рэжысёра. “Калі рэжысёр мае дакладнае ўяўленне – прасцей напісаць музыку самому. Калі шукаеш ўжо гатовае, мусіш шмат пераслухаць. Трэба, каб усе абраныя дарожкі траплялі ў адзін танальны план, мелі падобны характар. Здараецца, рэжысёр сам прапануе табе спіс музыкі, а яна – “не клеіцца” ў адно. Бо кожны кампазітар мае сваю ўласцівасць, сваё выражэнне, стыль… І, вядома, задае яго і спектаклю. І калі ты робіш падбор – адчуваецца, што музыка да спектакля сабраная з кавалкаў. Гэта бянтэжыць. Музыка з падбору – гэта заўсёды музыка з падбору”.
Наогул, працэс стварэння музыкі да спектакля пабудаваны наступным чынам: “Спачатку збіраецца каманда: рэжысёр, мастак, кампазітар. Нараджаюцца ідэі. Выбудоўваецца характар спектакля, яго музычны план. А часам іншы кампазітар дасылае ноты, адзін раз прыязджае патлумачыць сваё бачанне, і ты, як загадчык музчасткі, мусіш арганізаваць далейшы працэс: зрабіць фанаграмы, развучыць разам з канцэртмайстрам…” – падзяліўся Аляксандр Маркавіч.
У тэатр Аляксандр Крыштафовіч прыйшоў яшчэ студэнтам трэцяга курса Віцебскай музычнай вучэльні. Таленавітага навучэнца ўзялі артыстам аркестра на палову стаўкі. У аркестры Аляксандр Крыштафовіч граў на гітары, баяне, ліры, выступаў у якасці дырыжора. А пазней быў прызначаны загадчыкам музчасткі тэатра. У 1991 годзе аркестр іграў у спектаклі апошні раз, але вясёлыя гісторыі, звязаныя з ім, дагэтуль жывуць. Адну з іх распавёў Аляксандр Маркавіч: “Ідзе спектакль, аркестр грае ўжывую. Адна з артыстак (не буду называць прозвішча) сядзела на авансцэне і мусіла заспяваць сваю партыю. Я папярэдзіў, каб глядзела на маю руку: калі трэба ўступаць – пакажу. Не паглядзела… І не ўступіла. Чую, шэпча: “Саша, пачні спачатку!” А я шапчу ў адказ: “Плач!” І падымаю аркестр на два фортэ! А што рабіць?! Аркестр не будзеш разварочваць перад усёй залай. І артыстка плакала. Гэтак выйшлі са становішча”.
Як кампазітар, Аляксандр Крыштафовіч атрымаў добрае прызнанне. Музыка да спектакля «…Таму што люблю…» А.Паповай узнагароджаная дыпломам «За лепшае музычнае афармленне» на Першым нацыянальным фестывалі ў Бабруйску і тэатральным фестывалі «Надзея-2000» у Гродна. Музыка да спектакляў «Пісьменныя» М.Чокэ і «Тузы» У.Відмера – дыпломамі на фестывалях нямецкамоўнай драматургіі ў Мінску ў 1998 і 2002 гадах, музыка да спектакля “Шагал-Шагал…” – на фестывалі “Усход-Захад” (Англія, 2000 год). Сумесна з ансамблем салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байды Аляксандр Крыштафовіч зрабіў музычную рэдакцыю спектакля «Несцерка» В.Вольскага, адноўленага ў 2006 годзе без жывога аркестра, што запатрабавала сур'ёзнай карэкціроўкі вакальных нумароў.
Вельмі шмат у працы над спектаклем залежыць ад паразумення з рэжысёрам. Трэба, каб погляды супадалі. Амаль 12 год Аляксандр Крыштафовіч працаваў над музыкай да спектакляў Віталя Баркоўскага. І, хоць напачатку ставіўся да музычных прыхільнасцяў Віталя Міхайлавіча скептычна, пакрысе адкрыў для сябе ўвесь чароўны сусвет авангарднай музыкі. І цяпер, хаця слухае розныя накірункі, ад фольку і класікі да поп-року, перадусім ставіць авангардную музыку. Філіп Глас, Альфрэд Шнітке, Жан Мішэль Жар... “Гэтая музыка – касмічная, у ёй шмат супярэчлівых адценняў, змаганне аднаго інструмента з суцэльным аркестрам.”
Дарэчы, адзін са спектакляў Баркоўскага – “Дадому” – пачынаўся лунаючымі гукамі саксафона. На сцэне гледачы бачылі чалавека, які граў ўжывую. на гэтым інструменце. То быў Аляксандр Маркавіч. Ужывую граць на сцэне яму даводзілася неаднаразова! Напрыклад, у спектаклі Валерыя Мазынскага – “Плюшавая Малпа”, дзе выкарыстоўвалася жывое гучанне гітары, кларнета і скрыпачкі. Гітара, баян, гармошка, ліра, клавішы, саксафон – вось спіс інструментаў, на якіх Аляксандр Маркавіч здатны выводзіць чароўныя мелодыі. Усім гэтым не абмяжоўваюцца цікаўнасці Аляксандра Крыштафовіча… Фольк-поп-рок праект “Крыніца”, які існаваў у Віцебску на працягу 10 год і з гастролямі і шматлікімі канцэртамі выступаў і на Беларусі і ў замежжы, – гэта ягонае хобі і захапленне. Дагэтуль удзельнікі “Крыніцы” маюць добрыя стасункі і збіраюцца разам. А яшчэ адно хобі, што паступова перарастае ў прафесіяналізм – гэта рыбалка. “Рыбалка – тое, чым буду абсалютова прафесійна займацца на пенсіі!” – кажа Аляксандр Крыштафовіч. Але да пенсіі яшчэ далёка, запланаваных спектакляў – багата. І музыка застаецца іх неад’емнай часткай.