Юрый Канаплёў: “Напэўна, да нас павярнуўся Божачка”

Віцебскі футбольны клуб правёў першы матч другога круга. Дома віцябляне прымалі «Іслач» з Мінскага раёна. І перамаглі яе ва ўпартай барацьбе з лікам 2:1.

На пятай хвіліне паядынку, рэалізаваўшы свой галявы момант, госці сур'ёзна збянтэжылі "Віцебск". Гаспадарам поля трэба было шукаць падыходы да варотаў суперніка, каб хаця б усталяваць парытэт.

Героем паядынку стаў паўабаронца «Віцебска» Андрэй Якімаў. На 56-й хвіліне матчу далёкім ударам ён параўноўвае лік, а ў кампенсаваны час, зноў жа не з блізкай адлегласці, удала выконвае штрафны і прыносіць свой камандзе тры ачкі!

Каментарыі галоўных трэнераў пасля гульні:

Віталь Жукоўскі, ФК « Іслач»: “Спачатку хачу павіншаваць калегу і каманду «Віцебск» з перамогай! (паціскае Канаплёву руку). Мы чакалі, што будзе такая баявая гульня. У першым крузе мы абыгралі суперніка, і там, можа, нам крыху больш пашанцавала. Чакалі, што сёння будзе гульня агрэсіўная, але ў цэлым каманды згулялі ў межах правілаў. У нас пачалася “чорная паласа”: на гэты матч з-за траўмаў не змаглі прыехаць чатыры чалавекі, і сёння я зрабіў з-за траўмаў чатыры замены. Што тычыцца гульні, яна была роўная. І ў фінале ўсё вырашыла выканальніцкае майстэрства. Мы не забілі за дзесяць хвілін да канца, тры штрафных з 17-18 метраў. А супернік забіваў у матчы з 25-28 метраў, і вырашальны мяч быў забіты з 25 метраў. Быў і спрэчны штрафны… Але гэта футбол. Суддзя прыняў такое рашэнне. Урэшце адыграла ролю выканальніцкае майстэрства: чалавек забіў. А ў момант другога гола наш брамнік пачаў “чытаць” гульню”.

Юрый Канаплёў, ФК "Віцебск": “Я асцярагаўся сённяшняй гульні. У нас быў перапынак паміж кругамі. Некаторыя каманды яго нармальна выкарыстоўвалі. А мы рыхтаваліся да гульні з “Полацкам”, і нам за дзень кажуць: гульня пераносіцца. Потым – наступны тыднёвы цыкл. І ні з кім не дамовішся згуляць. Таму ў нас сёння – першая гульня, з чыстага аркуша, і чатыры новых чалавекі ў складзе. Нам не хапіла часу згуляцца. Свае віцебскія хлопцы вярнуліся. Але прыйшлі яны з “Полацка”. Тое, што хлопцы біліся, не шкадавалі сябе – гэта добра. Але ў некаторых гульнявых момантах, калі, напрыклад, нам першы гол забілі, і потым яшчэ былі моманты - я быў проста ў шоку! Атрымліваецца, цяпер трэба зноў каманду “ляпіць”, разбіраць фрагменты гульні. Што мы выйгралі – з пункту гледжання псіхалогіі, гэта добра. Але з пункту гледжання футбола, магчыма, не самы справядлівы вынік. Напэўна, да нас павярнуўся Божачка, аддзячыў, таму што мы шмат перажылі… За круг з клуба сышло дзевяць гульцоў. Зараз будзем праяўляць байцоўскія якасці і шукаць свой малюнак гульні”.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ