Генадзь Бураўкін: З такім гімнам жыхарам Віцебска можна толькі паспачуваць
24 кастрычніка ў Віцебску ў чытальнай зале адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім паэтам, ураджэнцам Расоншчыны, Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным.
Падчас сустрэчы, на якую прыйшло каля двухсот чалавек, Генадзь Мікалаевіч чытаў як свае новыя вершы, так і творы, добра знаёмыя чытачам. Завяршылася літаратурная частка знакамітай “Малітвай”, а пасля паэт адказваў на шматлікія пытанні прысутных.
Адным з пытанняў была просьба пракаментаваць перамогу ў конкурсе на гімн Віцебска тэксту Тамары Красновай-Гусачэнка “Песня аб Віцебску”. На што спадар Бураўкін зазначыў, што знаёмыя па тэлефоне зачытвалі яму тэксты, якія удзельнічалі ў конкурсе, і з такім гімнам жыхарам Віцебска застаецца толькі шчыра паспачуваць.
Таксама ўдзельнікаў сустрэчы цікавілі адносіны Генадзя Бураўкіна да намінавання Святланы Алексіевіч на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Па словах паэта, на яго густ творы Алексіевіч больш яскравыя, чым у канадкі Эліс Манро, якая сёлета перамагла.
Акрамя гэтага, спадару Бураўкіну прыйшлося адказваць на пытанні пра стан беларускай мовы ў дзяржаве і адносіны да яе першай асобы гэтай дзяржавы, пра сучаснае беларускае тэлебачанне і шэраг іншых.