Народные новости Витебска

“Кірмаш праектаў” у Віцебску: прапануй сваю культурніцкую ідэю!

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае прыём заявак на ўдзел у “Кірмашы праектаў” — адкрытай грамадскай прэзентацыі ідэй, прысвечаных паляпшэнню культурніцкага жыцця горада ці рэгіёна.

“Кірмаш праектаў” — гэта сустрэча для абмеркавання культурніцкіх ідэй, прадстаўленых шырокай публіцы ў фармаце “маланкавай размовы”. Культура, як вядома, з’ява ўсеабдымная, таму і тэматыка праектаў ці ідэй неабмежаваная:

— творчыя сферы: музыка, кіно, літаратура, выяўленчае мастацтва і дызайн, сцэнічныя мастацтвы і інш.;
— гарадское асяроддзе, архітэктура;
— краязнаўства, нацыянальная традыцыйная культура і мова.

І усё гэта — ва ўсіх магчымых міждысцыплінарных перакрыжаваннях і спалучэннях з гісторыяй, адукацыяй, здаровым ладам жыцця, экалогіяй, бізнесам, сацыяльнай сферай.

Калі для рэалізацыі сваёй задумы вы шукаеце падтрымку (новых членаў каманды, спонсарскую дапамогу, парады ад аднадумцаў і адмыслоўцаў у сферы вашага праекта) — зрабіце першы крок самі!

Прадстаўце сваю прапанову на “Кірмашы”.

Для ўдзелу дашліце на электронную скрыню kirmash.vitsebsk@gmail.com да 24 лістапада ўключна прэзентацыю, зробленую ў Powerpoint, Prezi.com і інш. па рэкамендаваным плане:
— назва прэзентацыі;
— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);
— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
— якія рэсурсы Вы ўжо маеце і якія — шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт)?

Больш падрабязныя парады для ўдзельнікаў вы знойдзеце тут. Сам жа “Кірмаш праектаў” адбудзецца 28 лістапада ў 18:00 у гатэлі “Віцебск” па адрасе: вул. Замкавая, 5/2а.

Запрашаем усіх, хто хоча спрычыніцца да добрых культурніцкіх справаў!