Народные новости Витебска

ТБМ: Гімн Віцебска мае сумнеўныя мастацкія вартасці

Віцебская абласная арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” даслала адкрыты ліст старшыням Віцебскіх гарсавета і выканкама з нагоды прымушэння вучняў у школах да вывучэння гімна горада, напісанага Тамарай Красновай-Гусачэнка.

Адкрыты ліст рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”

Старшыні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў
Мікалаю Раманавічу Смунёву;
Старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта
Віктару Паўлавічу Нікалайкіну

У радзе Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” абмеркаваны факт рассылкі ў навучальныя ўстановы тэксту пад назвай “Гімн горада Віцебска” з патрабаваннем яго вывучэння. Як вядома, гэты “верш” быў прапанаваны ў якасці гімна ў чэрвені 2012 года. Ён актыўна абмяркоўваўся грамадскасцю, у прыватнасці, у інтэрнэце. З заўвагамі адносна тэксту і рэкамендацыяй гарсавету не зацвярджаць гэты “верш” у якасці гімна выступіла і рада абласной арганізацыі ТБМ. Нашы меркаванні былі выказаныя кіраўніцтву гарсавета і вусна, і ў пісьмовай форме.

Здавалася, што і пасля фармальнага прыняцця на сесіі гарсавета гэтага тэксту ў якасці гімна горада ён будзе дапрацаваны, пазбаўлены сэнсавых, граматычных, лексічных, стылістычных і іншых недарэчнасцяў. Але гэтага не адбылося.

На працягу 2013 года Тэкст “гімна” не быў апублікаваны ў газеце “Віцьбічы” і на сайце гарвыканкама, як гэтага патрабуе парадак. Але ў канцы снежня 2013 года названы твор дасылаецца ў навучальныя ўстановы горада з даручэннем вывучыць яго.

У сувязі са сказаным мы вымушаны яшчэ раз звярнуць увагу грамадскасці і кіраўніцтва горада на гэтую праблему.

Пакідаючы па-за ўвагай мэтазгоднасць існавання самога такога факта, як афіцыйны гімн горада, лічым неабходным выказацца адносна мастацкіх і непасрэдна моўных асаблівасцяў прапанаванага варыянту гімна.

У першым жа радку выкарыстаны малаўжывальны ў сучаснай беларускай літаратурнай мове прыназоўнік цераз (цераз вякі). Паводле паходжання – гэта калькаванне з рускага через. Таму па-беларуску звычайна кажуць і пішуць праз.

У наступнай сінтагме надзвычай няўдала пабудаваная метафара, дзе дзеяслоў ляціць ніяк нельга прызнаць лагічным: Храм Успення бялюткі ляціць. “Храм ляціць” – вельмі недарэчная моўная “знаходка”. Далей: Вольга мудрая ўзмахам рукі / Загадала: “Тут гораду быць!” Узмахам рукі загадала – таксама сумнеўная мастацкая дэталь. Ужо не кажучы пра тое, што ніякая Вольга ніякага дачынення да заснавання Віцебска не мае. Кожны сур’ёзны гісторык пацвердзіць, што гэтая легенда прыдуманая.

У наступнай страфе – Залатых купалоў ціхі свет / І славутай гісторыі гімн, / Гонар горада – людзі твае, / Назаўжды ты ў сэрцы маім – не вельмі зразумела, што ж з’яўляецца “славутай гісторыі” гімнам.

У прыпеве – Горад над Дзвіной, / Нібы белы птах… – аб’ект параўнання – птах – абазначаны размоўным назоўнікам (ТСБМ, Т.4, с. 513), што зусім немэтазгодна для тэкстаў падобнага кшталту. Стылістычна маркіраваная лексема ў тэксце гімна – гэта нонсэнс.

У наступнай страфе – Твае таленты славіць сусвет: / Між сузор’яў нябесных планет, / Навуковец, мастак і паэт / Свой высокі пакінулі след – назіраецца звычайны набор слоў. Што такое “сузор’і нябесных планет”? І калі мастакоўская віцебская школа сапраўды сусветна вядомая, то хто хаваецца пад сінекдахай навуковец і паэт – застаецца загадкай. І ці толькі “навуковец” і “паэт”, у першую чаргу, вызначалі на працягу стагоддзяў развіццё горада? Як недарэчна выглядае і спалучэнне “высокі след”: след у вышыні? Гэта што?

У радку “Тыя ордэны, што на сцягах” назоўнік ордэны ўжыты ў множным ліку, хоць Віцебск узнагароджаны толькі адным ордэнам – у 1974 годзе. То пра якія ордэны ідзе гаворка?

Можна яшчэ працягваць пералік недарэчнасцяў у тэксце, зацверджаным у якасці гімна горада. Відаць, адказныя асобы, што ўхвалілі згаданы тэкст, не ўлічылі выказаных крытычных меркаванняў грамадскасці. У адваротным выпадку наўрад ці віцябляне мелі б такі сумнеўных мастацкіх вартасцяў твор. І ўжо ж тым больш недарэчна рэкамендаваць яго для вывучэння ў навучальных установах. Таму мы настойліва прапануем гарадскім уладам адмяніць сваё рашэнне адносна зацвярджэння названага твора ў якасці гімна і лічыць яго адной з песняў пра Віцебск.

Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі
ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” /І. Навумчык/

Нагадаем, што, як паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, нават у галасаванні на афіцыйным сайце гарвыканкаму супраць гімну Красновай-Гусачэнка выказалісь 73,7 % прагаласаваўшых.