Помнік Сімяону Полацкаму з’явіцца ў Маскве
Помнік выбітнаму асветніку, праваслаўнаму і грэка-каталіцкаму дзеячу XVII стагоддзя Сімяону Полацкаму усталююць у Маскве, пра гэта паведаміў міністр культуры Беларусі.
“Думаю, што не ў гэтым годзе, але мы прасунуліся досыць далёка. З мэрыяй Масквы ўжо ўзгоднена месца, вышукваюцца грошы”,— цытуе словы Барыса Святлова ІТАР-ТАСС. Міністр таксама адзначыў, што праца па стварэнні скульптурнага твора будзе фінансавацца Саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі.
Сімяон Полацкі нарадзіўся ў заможнай купецкай сям'і ў Полацку, атрымаў бліскучую адукацыю ў навучальных установах Вялікага Княтва Літоўскага і Рэчы Паспалітай. У 1656 годзе ён прыняў маскі пострыг, мяркуючы па подпісу “Simeonis Piotrowskj Sitnianowicz hieromonachi Polocensis Ordinis Sancti Basilii Magni” — быў манахам каталіцкага ордэна Базылянаў візантыйскага абраду.
У 1664 годзе Сімяон Полацкі выехаў у Маскву, а ў 1667 яго прызначылі выхавальнікам і настаўнікам дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Найбольшай падтрымкай карыстаўся ў цара Фёдара Аляксеевіча (1676—1682). У 1678 заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, першай кнігай якой быў «Букварь языка славенска». З ініцыятывы Сімяона Полацкага ў Маскве адкрылася першая вышэйшая агульнаадукацыйная навучальная ўстанова — Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Стаяў ля вытокаў першага ў Расеі тэатра, створанага ў 1672 пры двары Аляксея Міхайлавіча.
У 1680 годзе Сімяон Полацкі раптоўна памёр на пяцьдзясят першым годзе жыцця. Сваю вялікую бібліятэку пісьменнік завяшчаў размеркаваць у асноўным паміж чатырма манастырамі, да якіх меў непасрэднае дачыненне, — Маскоўскім Заіканаспаскім, Полацкім Багаяўленскім, Кіеўскім Пячорскім і Брацкім. У 1690 Маскоўскі патрыярхат абвясціў творам Сімяона Полацкага анафему і забараніў згадваць іх як ерэтычныя.
Адзін помнік Сімяону Полацкаму ўжо існуе — ён быў адкрыты ў Полацку 7 верасеня 2003 года ў дзень святкавання беларускага пісьменства. Аўтары помніка: скульптар Аляксандр Фінскі, архітэктары Георгій Фёдараў і Наталля Цавік.