У Віцебску прайшоў чарговы баль-маскарад “Рэдуты”
У суботу, 22 лютага, у будынку мастацкага музея ў Віцебску прайшоў маскарадны танцавальны вечар “Рэдуты”, які віцебская моладзь ужо чацьвёрты год праводзіцць ў апошнія дні зімы.
“Рэдуты” (ад агульнанямецкага Redoute) вядомы на тэрыторыі Беларусі з канца XVIII стагоддзя. Ад іншых гэты баль адрозніваецца тым, што ўдзельнікі абавязкова павінны з’явіцца ў масках. Акрамя гэтага, танцоры не ведаюць парадку танцаў і кожны танец будзе для іх прыемнай нечаканасцю.
Сёлета патрабаванні да ўдзельнікаў былі больш строгімі чым раней — трэба было ўмець танцаваць усе танцы і мець адпаведны касцюм — таму іпрэза была больш відовішчнай. Што тычыцца дрэскоду ўдзельнікаў, то патрабаванні былі традыцыйныя: для кавалераў – фрак, строгі касцюм, для дам – ампірная сукенка. Акрамя таго ампірнай атмасферы дадавала памяшканне — будынак музея быў пабудаван ў 1883 годзе для акруговага суда.
З’езд гасцей пачаўся за пару гадзін да непасрэднага пачатку баля, таму яны мелі час на агляд экспазіцыі. У танцавальную праграму балю былі ўключаныя як даўно вядомыя танцы (кантрадансы “Вясёлы хлопец”, “Кембрыджскі вальс”, “Галандскі шкіпер”), так і навінкамі сезона (“Французская кадрыля”, “Галапада”).
На сёлетніх “Рэдутах”, акрамя жыхароў Віцебска, прысутнічалі госці з Мінска і Мазыра. Паміж танцамі яны маглі бавіць час, гуляючы ў настольныя гульні ХІХ стагоддзя, знаёмічася са свежымі навінамі сталічных газет, ці навінкамі моднага сезону 1812-1813 года. Літаратурна-мастацкі салон дазволяў кожнаму праявіць сябе ў якасці мастака ці паэта.
Бальныя вечары ў Віцебску арганізуе клуб культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” пры падтрымцы культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола Віцебска “Дзвіна”. Пад час рэалізацыі гэтых праектаў арганізатары кіруюцца навуковай літаратурай, адна з самых значных прац—кніга С. А. Шыдлоўскага “Культура прывеліяванага саслоўя Беларусі да 1863 года”.