Шэсць дзесяцігоддзяў – прыступка за прыступкай, званне за званнем, поспех за поспехам, новая краіна за краінай і фестываль за фестывалем. Нібыта кволая крыніца, што набіраецца ўпартасці і ўрэшце становіцца магутнай ракой, сёння ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» Дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры «ВІЦЕБСК» – візітная картка Віцебшчыны і ўсёй Беларусі ў сусветнай мазаіцы нацыянальных культур. Цяжка нават уявіць, які складаны і доўгі шлях за плячыма гэтага калектыву, але наўрад ці пра тое задумваешся, калі бачыш яркія, выкананыя на высокім мастацкім узроўні пастаноўкі.
Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» 24 красавіка запрашае ўсіх аматараў народнага мастацтва, культуры і харэаграфіі на святочнае мерапрыемства, прысвечанае свайму 60-годдзю. Вечар, які адбудзецца ў канцертнай зале «ВІЦЕБСК», абяцае быць цёплым, а гасцей імпрэзы чакае шэраг сюрпрызаў. Па словах Уладзіслава ДРАКЕ, кіраўніка ансамбля, праграма мерапрыемства будзе складацца з дзвюх частак. Танцы народаў свету стануць асновай першага аддзялення, а ў другім да «ЛЯВОНІХІ» далучацца зоркі эстрады, сярод якіх – Руслан АЛЯХНО, Іван ВАБІШЧЭВІЧ, Пётр ЯЛФІМАЎ, Ілона БАГЕЛЕ (Латвія), Віктар МАСКОВІЧ (Малдова), Яўген ГОР (Расія), а таксама аркестр Віцебскага гарнізона. Удзел такіх знакамітых асобаў – не выпадковасць, а заканамерны вынік актыўнага супрацоўніцтва ў разнастайных творчых праектах, у тым ліку ў Міжнародным фестывалі мастацтваў «СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ». Яшчэ адным сюрпрызам стане прэзентацыя новых нумароў і выступленне ветэранаў калектыву.
Юбілейны канцэрт – гэта спалучэнне ўсяго найлепшага, што распрацаваў ансамбль танца «ЛЯВОНІХА» за час свайго існавання. Ён змяняецца, спрабуе новыя аранжыроўкі, эксперыметуе са стылямі, але пры гэтым не падпарадкоўваецца часу і захоўвае індывідуальнасць, за што «ЛЯВОНІХУ» ведаюць і любяць. Нацыянальны каларыт у спалучэнні з уласнымі харэаграфічнымі традыцыямі – тыя прынцыпы, якіх трымаецца калектыў.
24 красавіка, 19.00, канцэртная зала «ВІЦЕБСК»
(парк імя Фрунзэ, 1).
Кошт квіткоў: ад 40 000 да 65 000 рублёў.
Білеты ў касах горада і на www.kvitki.by.
Даведкі па телефонах: 36 30 40, 42 65 91.
Скрыль Віталь