Народные новости Витебска

“Лялька” чатыры дні будзе святкаваць дзень нараджэння

З 18 па 21 красавіка пройдзе cвяткаванне дня нараджэння Беларускага тэатра “Лялька”. Сёлета тэатру споўніцца 28 гадоў.

Тэатр распачынаўся як маленькая трупа пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры і вырас у вялікі тэатр з трупай у 16 чалавек. Тэатр не спыняецца на дасягнутым і заўжды імкнецца здзівіць і парадаваць сваіх прыхільнікаў.

Да свята тэатр падрыхтаваў для наведвальнікаў разнастайныя забаўляльныя праграмы для дзяцей і дарослых.

18 красавіка ў 18.00 (у пятніцу) перад спектаклем для дарослых “Дэкамерон” (спектакль пастаўлены мастацкім кіраўніком тэатра заслужаным дзеячам мастацтваў РБ Віктарам Клімчуком) адбудзецца стылізаваны кірмаш на гарадской плошчы, а таксама народныя спевы, танцы, гульні і кампазіцыі, выкананыя на беларускай ліры.

Калектывы Віцебска парадуюць дзетак 19 красавіка ў 11.00 на канцэртнай праграме ў глядзельнай залі перад спектаклем для дзяцей “Тук-тук! Хто там?” (спектакль В.Клімчука). У гэты дзень выступяць вучні школы №33 Віцебска з музычным ухілам і музычнай школы Віцебска. У праграме занятыя артысты Беларускага тэатра “Лялька” Алесь і Вольга Маханьковы. Да канцэрта маленькіх гледачоў таксама чакае ў фае майстар-клас па вырабе лялек для дамашняга тэатра, які правядуць артысты Беларускага тэатра “Лялька”. Акрамя таго ўсіх дзяцей на выхадзе з тэатра будзе чакаць салодкі падарунак.

19 красавіка ў 18.00 госці тэатра акунуцца ў атмасферу 19 стагоддзя і патрапяць у шляхецкі салон, на якім можна будзе адпачыць, паразмаўляць, пачытаць свежыя навіны 1812 года ці прагледзець часопіс мод 1812-1813 гадоў за кубачкам гарбаты і пачаставацца цукеркай з пажаданнем, а таксама пагуляць у настольныя і картачныя гульні 19 стагоддзя (“Бірулькі”, “К бою!”, “Польскія шашкі”, “Яўрэй”, “Парася”), пабачыць танцы 19 стагоддзя. У праграме вечару чакаюцца рамансы, выкананыя пад гітару Максімам Родчанка і Максімам Каржыцкім, а таксама фартэпіанныя кампазіцыі ў выкананні Дар’і Спявацкай і Кацярыны Галецкай, навучэнак Віцебскага дзяржаўнага каледжа імя І.І.Салярцінскага.

Пасля забаўляльнай праграмы будзе паказаны спектакль для дарослых “Нататкі вар’ята” (пастаноўка Віктара Клімчука).

Трэці дзень свята, 20 красавіка ў 10.45 распачне духавы аркестр школы №33 Віцебска з музычным ухілам, які выступіць на пляцоўцы перад тэатрам. Свята працягнуць гульні і майстар-клас па вырабе лялек у фае тэатра, у якіх могуць паўдзельнічаць усе ахвочыя маленькія наведвальнікі, якія набылі квіткі на свята. У 11.00 дзетак чакае таксама і танцавальна-забаўляльная праграма, на якой яны сустрэнуцца і патанчаць з добра вядомымі і ўсімі любімымі Трубадурам і Прынцэсай. У праграме занятыя артысты Беларускага тэатра “Лялька” Вольга Маханькова і Алег Рыхтэр. Пасля святочнай праграмы дзеці пабачаць спектакль для дзяцей “Спячая красуня” гасцей свята – тэатра “Паўночная сцэна” з г. Новы Урэнгой (Расія).

Гульні, майстар-клас па вырабе лялек і танцавальна-забаўляльная праграма будуць паўтораны ў гэты ж дзень, 20 красавіка а 14-й гадзіне перад прэм’ерным спектаклем “Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам” (пастаноўка Святланы Бень).

У гэты святочны дзень усіх дзетак таксама будзе чакаць і салодкі падарунак на выхадзе з тэатра.

У панядзелак 21 красавіка ў 11.00 будзе паказаны спектакль для дзяцей “Падарожжа па паравінах года” тэатра “Паўночная сцэна” г.Новы Урэнгой. У гэты дзень перад спектаклем прагучаць кампазіцыі на цымбалах у выкананні ансамбля “Забава” музычнай школы №4 Віцебска.

Падчас святкавання дня нараджэння тэатра таксама пройдзе выстава паштовак з віншаваннем тэатра на беларускай мове, якую даслалі маленькія аматары Беларускага тэатра “Лялька”.