Пайшоў з жыцця выбітны дзяржаўны дзеяч і славуты паэт, ураджэнец Віцебшчыны — Генадзь Бураўкін

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін нарадзіўся ў 1936 годзе ў в.Шуляціна, што на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна.
Генадзь Бураўкін пад час апошняга візіту ў Віцебск. Фота Сержука Серабро

Працаваў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, дванаццаць год узначальваў Дзяржтэлерадыё БССР, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10 і 11 склікання, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН. Працаваў старшынёй ТБМ імя Ф. Скарыны. Лаўрэат дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Узначальваў назіральны савет тэлеканала “Бел*ат”.

І заўсёды знаходзіў час для вершаў. Генадзь Бураўкін — творца, якому аднолькава падуладна была і грамадзянская, і філасофская, і інтымная лірыка. Ён з’яўляецца аўтарам тэкстаў многіх папулярных песень. Не першае пакаленне беларускіх дзетак кладзецца спаць пад пяшчотную калыханку: “Доўгі дзень, цёплы дзень адыходзіць за аблокі…”

На жаль, назалежная Беларусь не карысталася напоўніцу вопытам і здольнасцямі Генадзя Мікалаевіча: “За кармушкаю ўслед не бегаю і не каркаю, як усе. І таму варонаю белаю станаўлюся я пакрысе.” Аднак паэт з ахвотаю пагаджаўся на сустрэчы з чытачамі, неаднаразова наведваў Віцебск, не ўхіляўся ад вострых пытанняў. І працягваў радаваць прыхільнікаў сваёй творчасці новымі вершамі.

Я толькі аднаго жадаю,
Каб
Закрасавала ніва маладая.
Я вам,
Сваім нашчадкам,
Пакідаю
Маю Радзіму —
Свой адзіны скарб.

Я не прыйду на зыркі ваш агонь
Ні буркуном старым,
Ні скандалістам.
Я проста
Ападу кляновым лістам
На маладую цёплую далонь…

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ