Пад Віцебскам разбурылі гарадзішча V стагоддзя да нашай эры
Пад Віцебскам пры пабудове станцыі абезжалезвання побач з вёскамі Сялюты і Шапуры раскапалі гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, якое датуецца V стагоддзем да нашай эры — V стагоддзем нашай эры і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3 катэгорыі.
Навіну пра разбурэнне археалагічнага помніка “ННВ” паведамілі абураныя жыхары Сялютаў. Калі карэспандэнт прыехаў на месца, то ўбачыў, што пагорак на правым беразе Лучосы недалёка ад Сялюцкага псіха-неўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, на якім знаходзіцца гарадзішча (а на заходнім схіле і селішча I тысячагоддзя да нашай эры) зрэзаны ці не напалову. Паўсюль на адвалах выкінутага грунту валяюцца чалавечыя чарапы і іншыя косткі шкілета.
Гэтае гарадзішча было знойдзена ў 1956 годзе. Яго, а таксама паселішча, у 1972 годзе даследаваў Георгій Штыхаў, а ў 1981 — Леанід Калядзінскі. У культурным пласце 0,4 метры селішча знойдзена ляпная і ганчарная кераміка.
Цікава, што і гарадзішча, і селішча, як гісторыка-культурныя каштоўнасці, унесеныя ў “Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскага раёна на 2012-2015 гады”. Гэта праграма між іншым прадугледжвае забяспячэнне кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Згодна дакумента ўладальнікам (землекарыстальнікам) гэтых аб’ектаў з’яўляецца Сялюцкі псіха-неўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, які адпаведна праграме ў 2012-2015 гадах павінен быў займацца добраўпарадкаваннем археалагічнага помніка.
З добраўпарадкавання можна адзначыць толькі новую ахоўную дошку, якая паведамляе, што нанясенне шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасці караецца законам. Дошка, праўда, размешчана з адваротнага ад дарогі боку пагорка і хаваецца ў зарасніках бэзу і баршчавіка. Без дапамогі вяскоўцаў яе знайці б не ўдалося. Жыхары Сялютаў паведамілі, што дошку ўсталявалі вясной і прыкладна тады ж пачаліся земляныя працы.