Віцебская філія ТБМ звярнулася да ўрада з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна
Віцебская абласная рада грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” звярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна.
У сваім звароце віцебскія сябры ТБМ адзначаюць вялікі ўклад у развіццё Беларусі, які ўнёс Генадзь Мікалаевіч Бураўкін як паэт, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Усё яго жыццё – прыклад самаадданага служэння сваёй Радзіме,— падкрэсліваецца ў лістах.
Для ўшанаванні памяці нашага славутага земляка ТБМ прапануе наступнае:
Выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годдзя паэта выбраныя яго творы;
Усталяваць у Мінску на доме, дзе жыў Г.М. Бураўкін, Мемарыяльную дошку;
Назваць у гонар Г.М. Бураўкіна вуліцы ў Мінску, Полацку, Расонах;
Прысвоіць імя Г.М. Бураўкіна адной з бібліятэк на радзіме паэта (на Віцебшчыне).
Нагадаем, што Генадзь Мікалаевіч пайшоў з жыцця 30 мая 2014 года.