Абласная рада ТБМ падзякавала Косінцу за ўшанаванне памяці Барадуліна
Рада Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” накіравала падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінцу за ўшанаванне памяці Рыгора Барадуліна.
Паважаны Аляксандр Мікалаевіч!
Рада Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” шчыра дзякуе Вам за рашэнне, прынятае абласным кіраўніцтвам па ўвекавечванні памяці народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна.
Абласная рада таварыства выказвае надзею, што гэтая справа будзе прадоўжана, што спадчына і імёны віцебскага сузор’я пісьменнікаў і паэтаў В.У.Быкава, Р.І.Барадуліна, Г.М.Бураўкіна і іншых знакамітых землякоў паспрыяюць далейшаму ўзмацненню патрыятычнага выхавання моладзі, фармаванню нацыянальнай свядомасці, захаванню гістарычнай памяці.
Старшыня рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф.Скарыны” І. Навумчык.
“Народныя навіны Віцебска” ўжо паведамлялі, што ў гарадскім пасёлку Ушачы для ушанавання памяці Рыгора Барадуліна яго імем павінны назваць вуліцу і школу.