Народные новости Витебска

Пятро Ламан: нацыянальны артыст, выбітны паэт і апантаны рыбак

На свой бенефіс артыст Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа Пятро Ламан запрасіў гледачоў 5 кастрычніка, хаця юбілейны дзень нараджэння адсвяткаваў нашмат раней – 11 ліпеня.

У якаці бенефіснага быў абраны спектакль паводле аповесці Паўла Санаева “Пахавайце мяне за плінтусам”.У пастаноўцы бенефіцыянт паўстаў адразу ў дзвюх іпастасях: выканаўцы ролі дзеда і аўтара трапнага, дасціпнага перакладу. А напярэдадні бенефісу артыст Пятро Ламан згадзіўся сустрэцца з намі, каб расказаць чытачам “ННВ” пра свой творчы лёс, жыццёвыя планы і спадзяванні.

Артыст, ягоны тэатр і ролі

— Юбілей ужо адзначаны. Тым не менш, бенефіс – своеасаблівая акцёрская справаздача. З якім вы настроем яго чакаеце? Пра што марыць напярэдадні свята артыст Пятро Ламан?

— Вось чакаю, калі ролю дадуць.

— Спадзяецеся атрымаць нешта канкрэтнае, падзяліцеся, на што “паклалі вока”?

— Справа ў тым, што ў тэатры можна класці вока на што заўгодна. А тое, што табе дадуць, будзе абсалютна нечаканым. І для цябе, і можа быць, для ўсіх. Хочаце, я вам раскажу, што адбылося з “Несцеркам”?

Калі рэжысёр Віталь Баркоўскі аднаўляў спектакль, ён прапанаваў падаваць заяўкі. І дадаў, што ніводны з тых акцёраў, хто меў ролі, тыя ролі іграць не будзе. Усё будзе па-новаму. Напачатку ў “Несцерцы” я іграў Юрася, потым “даслужыўся” да ролі Бацькі. А на момант аднаўлення вырашыў не падаваць заяўку наогул. І што ў выніку? Іграю галоўную ролю – Несцерку.

Вось і атрымліваецца, як у народе кажуць: хочаш насмяшыць Бога, раскажы пра свае планы. Таму ні пра якія планы гаварыць не буду.

— Вы ў тэатры з 1971 года. Наколькі гэта цяжка ці проста – працаваць усё жыццё ў адным калектыве?

— Пасля заканчэння інстытута ў мяне быў выбар: Мінск, Магілёў або Віцебск. Я выбраў Віцебск па дзвюх прычынах: па-першае, гэты тэатр больш знакаміты, а па-другое, ён працуе на беларускай мове. Гэта стала вызначальным. А наогул тэатр для мяне ніколі не быў работай. На работу я хадзіў адзін год, гэта было да інстытута.

Канечне, прапановы змяніць калектыў у свой час у мяне былі: рэжысёр Валерый Маслюк пасля пастаноўкі спектакля “Клеменс” паводле Казіса Саі запрашаў паехаць разам з ім ў Магілёў, дзе планаваў мяне выкарыстоўваць у якасці вядучага акцёра. Я доўга думаў. А потым вырашыў, што ад дабра дабра не шукаюць, бо мой тэатр для мяне заўсёды быў родным домам.

— Ці ёсць у вас настальгія па нейкіх часах, па рэжысёрах? Калі вам у тэатры было асабліва ўтульна?

— Утульна мне тут было заўсёды. Адзіная ў мяне настальгія — па раённых гастролях. Была такая практыка работы тэатра — мы на месяц сяліліся ў нейкім з райцэнтраў і ездзілі па вясковых клубах. На іх невялічкіх пляцоўках ствараўся эфект камернай сцэны. І глядач вясковы быў вельмі ўдзячны. Мне здаецца, варта было б аднавіць гэтую практыку. Я разумею, што цяпер існуе тэлевізар. Але ж і тады тэлебачанне было, але калі мы прывозілі спектаклі, пагалоска ішла адразу, і збіраліся ўсе вяскоўцы. А потым казалі: “Мы ж і не ведалі, што ў вас такі харошы спектакль, калі вы будзеце яшчэ і ў той вёсцы, дык мы і туды прыедзем”. Прыезд тэатра ў вёску быў вялікай падзеяй. Наш тэатр вельмі адказна ставіўся да такой работы: дэкарацыі прыстасоўвалі для малых сцэн, рабіліся карэктывы п’есы.

— Быў у вас “свой рэжысёр”, з якім вы да канца разумелі адно аднаго?

— Гэта быў Валерый Маслюк. Ён паверыў у мяне, даручыўшы галоўную ролю Скалнаса ў спектаклі “Клеменс”. На жаль, працаваў ён тут нядоўга. Спачатку пераехаў у Магілёў, а потым у Мінск, стаўшы галоўным рэжысёрам Рускага тэатра. У мяне з ім былі вельмі і вельмі добрыя стасункі — і творчыя, і чалавечыя.

Перакладаючы сімфоніі

— Вы казалі, што беларуская мова ў тэатры для вас стала важкім аргументам у выбары калектыву...

— Вы ж ведаеце, як раней вучылі ў школах. Вось і мне здавалася, што гісторыя беларускага народу пачалася толькі ў 17 годзе. Разуменне і нацыянальны гонар прыйшлі, калі я сутыкнуўся з нашай сапраўднай гісторыяй. Беларускія гарады маюць вельмі паважны ўзрост, а замкі на нашай зямлі былі праз кожныя 40 кіламетраў. Мая вёска Турэц, што на Навагарадчыне, упамінаецца ў летапісах з 15 стагоддзя. І, калі я зацікавіўся гісторыяй, калі зразумеў, што гэта за зямля і што за народ, прыйшло разуменне, што гісторыя майго народа можа скласці гонар любой нацыі. А фальклорны пласт культуры Беларусі? Вазьміце народныя казкі. Колькі сюжэтаў! А калі прыйшла самасвядомасць, я стаў займацца і літаратурай.

— Вы вельмі шчыра і пранікнёна чытаеце не толькі свае вершы, але і другіх паэтаў. Каго вы адчуваеце найлепш?

— Караткевіча, Барадуліна, Куляшова, Панчанку, Купалу. Купалу, напэўна, я павінен быў бы назваць першым. Але я пачаў з тых людзей, якіх ведаў асабіста. Мне давялося вельмі блізка быць знаёмым з Барадуліным. А Караткевіч павінен быў рэдагаваць мой першы зборнік. Але захварэў і перадаў рукапіс Рыгору Барадуліну. Пуцёўку ж у літаратуру мне даў народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. З яго падачы з’явілася першая грунтоўная публікацыя ў часопісе “Маладосць”. Страшэнна мне падабаецца “Сказ пра Лысую гару” Ніла Гілевіча. Цяпер ўжо дакладна вядома аўтарства гэтага дасціпнага твора. Там вельмі трапна, з вялікім гумарам паказаны зрэз калялітаратурных стасункаў.

— Напэўна, вы чытаеце і маладых паэтаў. Як вы думаете, беларуская літаратура мае будучае ў асобе гэтых людзей?

— Канечне мае. Сапраўднай асобай у маладой літаратуры я лічу Анатоля Сыса. Нажаль, яго ўжо няма з намі. Пакуль вышэй за яго з маладых я не чытаў. Маладая беларуская проза, на маю думку, мае вельмі вялікія перспектывы. Не буду называць імёны. Раптам, кагосці прапушчу. Але шчыраваннямі маладых празаікаў ніва беларускай літаратуры дакладна быллём не зарасце.

— Не многія відаць ведаюць, што вы шмат пішаце песень і перакладаеце для беларускага тэатра “Лялька”. Праца для дзяцей — што гэта для вас?

— Ад свайго педагога Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна я чуў такія словы: для дзяцей трэба працаваць гэтак жа, як і для дарослых, толькі у два разы лепей. А пасля таго, як я зрабіў пераклад “Брэменскіх музыкаў”, рэжысёр Віктар Клімчук неяк мне расказаў, што да яго падыходзілі людзі і пыталіся, як калектыву ўдалося дабіцца таго, што беларускі варыянт не выклікае ніякіх пытанняў і вельмі натуральна ўспрымаецца. Гэта для мяне было найлепшай пахвалой.

Наогул жа перакладамі я займаюся даўно. Першы твор, які я пераклаў — гэта “14 чырвоных хацінак” Платонава. Платонаў жа ўсе свае творы пісаў белым вершам. А мне наогул здаецца, што любы літаратурны твор — гэта па вялікаму рахунку паэзія. Таму што ўздзейнічае не само слова, а ягоны рытм і вібрацыя. І ў нашым тэатры я ведаю два проста геніяльных пераклады. І абодва зроблены паэтамі. Гэта “Клеменс” Казіса Саі, які пераклаў паэт Алесь Разанаў і “Тайбеле і яе дэман” – пераклаў Рыгор Барадулін. Я часам думаю, што калі паэзія – гэта песня, то проза – гэта сімфонія. Дык той, хто бярэцца перакладаць сімфонію, павінен добра перакладаць песні.

Дубальтовы дзед, захоплены рыбалкай

— Вы – творчы чалавек з няўрымслівым тэмпераментам. Як сталася, што выша галоўнае захапленне – рыбалка?

— Найперш, думаю, праз імя. Яно ўздзейнічае на лёс чалавека, і гэта неаднойчы было заўважана. Калі чалавек стрыжэцца ў манахі, то першае, што робяць – мяняюць яму імя.

Я ведаю такі выпадак: у Алега Бембеля была ракавая пухліна, ледзь не апошняя стадыя, урачы казалі, што жыць яму не больш за 2 гады. Ён паехаў у Жыровічы, стаў манахам. Яму памянялі імя і хвароба знікла.

Чаму ж са мной павінна быць інакш? Памятаеце, кім быў апостал Пётар? Гэта першае. А па-другое, грэцкі філосаф Платон казаў: “Час, праведзены на рыбалцы, на нябёсах не залічваецца”. Так што, дзялюся парадай: хочаце жыць як мага даўжэй — станавіцеся рыбакамі і часцей ездзіце на рыбалку. Будзеце жыць доўга і шчасліва і мець добрае здароўе. Да таго ж я прывожу рыбу. І таму ўсе мае хатнія вельмі разумныя: і жонка, і дачушка, і унучка.

— Ваша ўнучка, да якой вы вельмі пяшчотна ставіцеся, ужо дарослая. Зараз у вас нарадзіўся ўнук...

— Так, я цяпер дубальтовы дзед. Канечне, я вельмі рады малому мужчыне ў нашай сям’і і буду яго песціць і ім займацца. Хлопчыка яшчэ не ахрысцілі, але імя ўжо абралі. Ён будзе Святаславам.

— На жаль, не Пятром...

— Чаму на жаль? Дачка, дарэчы, хацела даць сыну маё імя. Але тут ужо я быў супраць. Традыцыйна лічыцца, што не варта даваць дзецям імёны ў гонар таты або дзеда. Гэта можа не добра паўплываць на лёс. Во калі у мяне народзіцца праўнук, я буду вельмі рады, калі яму дадуць імя Пятро.

— А вы наогул верыце у сакральныя рэчы?

— Вядома. Разам з нашым светам прысутнічае іншы свет. І ён уздзейнічае на нас. Пра гэта і вера хрысціянская гаворыць: жыве не толькі цела, але і душа чалавека. Душу можна выхаваць, узняць. А можна і загубіць. Калі я задумваўся над тым, нашто чалавек прыходзіць на зямлю, то зразумеў, што хутчэй за ўсё ад чалавека тут патрабуюцца творчыя, духоўныя здабыткі. Ты прыходзіш у гэты свет дзеля таго, каб удасканальваць сваю душу. Яшчэ Хрыстос казаў: не збірайце скарбы зямныя, збірайце скарбы духоўныя. Зямныя могуць згніць, іх могуць украсці, яны могуць згарэць. А духоўнае заўсёды будзе з табой.

А яшчэ, калі я малы пытаўся, што такое Бог, мая баба Каця гаварыла: калі Бог ёсць у тваім сэрцы, значыць ён ёсць, калі там яго няма, то яго няма наогул. Мне здаецца, гэта геніяльная выснова. Другімі словамі гэта можна назваць сумленнем. Калі яно ёсць у чалавека, то яно ёсць. Калі не – значыць, чалавек з другімі сіламі мае стасункі...

Артыст, паэт, перакладчык Пятро Ламан. Глыбока нацыянальны чалавек не толькі на сцэне, але і ў жыцці. Цудоўны суразмоўца. Яго можна адкрываць бясконца. І калі вам раптам надарыцца пазнаёміцца з гэтай выбітнай асобай – на рыбалцы ці на творчым вечары, усё адно, — не ўпусціце магчымасць з ім пагаварыць, яго паслухаць. І вы будзеце заварожаны не толькі яркімі сцэнічнымі вобразамі, не толькі пранізлівым чытаннем вершаў, але і глыбокай народнай мудрасцю.