У Віцебску адкрылася выстава ткацтва Святланы Баранкоўскай

Выстава аўтарскага ручнога ткацтва Святланы Баранкоўскай “Rad№0” (“Радно”) адкрылася ў Віцебскім мастацкім музеі 5 сакавіка. Гэтая экспазіцыя дае магчымасць сузірання глыбіннага зместу беларускай традыцыі.
На адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Святлана Баранкоўская ўяўляе сабой той тып жанчыны, якую мы можам назваць ўніверсальным чалавекам з гарманічнай ўнутранай прыродай. Гэта і выдатная мастачка, і цудоўная маці, і грамадскі дзеяч. Ва ўсіх сваіх іпастасях яна бездакорна праяўляе сябе. Гэта падкрэслівалі многія выступаючыя на адкрыцці выставы. Зараз Святлана Баранкоўская з’яўляецца старшынём Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Вельмі актыўная праца ў якасці старшыні не перашкаджае ёй тварыць, больш за тое, ствараецца ўражанне, што творчасць мастачкі набывае яшчэ большую моц і інтэнсіўнасць.

Святлана Баранкоўская. Ярыла

Найбольш адметная рыса яе творчасці – гэта сапраўдная беларускасць, укараненне ў нацыянальнай стыхіі роднага краю. На кожнай выставе, дзе мастачка прымае ўдзел, можна пераканацца ў метафізічным характары яе работ, якія выяўляюць якасны змест беларускага космасу і глыбіні нацыянальнага звышсвядомага. Зразумела, што персанальная выстава Святланы Баранкоўскай стала святам беларускай культуры з раскрыццём яе духоўнага багацця. Народнае ў творчасці мастачкі неразрыўна звязана з арыстакратычным, бо гэтая творчасць ахоплівае ўсё адметнае: ад глыбінь постфігуратыўнага паганскага нацыянальнага хронаса, праз хрысціянскую сакральнасць, да духоўнай місіі сучаснай беларускай інтэлігенцыі.

Святлана Баранкоўская. Рыгор Барадулін. Ксты

На цырымоніі адкрыцця выставы Святлану Баранкоўскую віншавалі яе сябры і калегі. Віктар Шылко казаў пра святочны дух выставы і асаблівую, інтэгратыўную якасць творчасці мастачкі, для якой жыццё і стварэнне з’яўляюцца непадзельнымі: “Ведаеце, чым адрозніваюцца мастакі ад іншых людзей? Здавалася б, у самыя непадыходныя часы яны могуць зрабіць сабе свята. Нягледзячы на тое, што гэтая жанчына, прыгажуня, з’яўляецца творцай, яна яшчэ і займацца грамадскай дзейнасцю. Быць старшынём Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў – гэта велізарная нагрузка. Гэта, апроч іншага, маральная і фізічная нагрузка ... Але яна прыцягвае творчасць у сваё жыццё”.

Святлана Баранкоўская. Маці Боская Вастрабрамская

Уладзімір Вітко падкрэсліў нацыянальны характар выставы і ўнікальнае раскрыццё тэмы беларускай традыцыі: “Гэта таленавітая наша беларуская мастачка. Мы прысутнічаем на адкрыцці нацыянальнай беларускай выставы. Кожная праца прасякнута духам беларускай культуры. Такіх выстаў у нас раз, два – і аблічыўся… Я рады, што ў нас у Віцебску, у Беларусі, ёсць такая мастачка”.

Святлана Баранкоўская. Вясёлка. Купалле

Уладзімір Вальноў у сваёй прамове раскрыў інтэгратыўнасць прыроды творчасці Святланы Баранкоўскай, духоўны і правідча несупярэчны выраз у ім хрысціянства і паганства: “На гэтай выставе арганічна змясціліся і тэма язычніцкай культуры, якая налічвае пяць тысяч гадоў, і хрысціянская культура. Гэта сведчыць аб тым, што душа Святланы Баранкоўскай можа ўсё гэта асягнуць. Святлана Баранкоўская ў сваёй творчасці перадае нам дух сапраўды народнай культуры, якая ідзе з глыбінь стагоддзяў. Яна ведае нашу нацыянальную традыцыю і ўмее яе выказваць”.

Святлана Баранкоўская. Нараджэнне арнаменту. Спрадвечная бітва

Выстава Святланы Баранкоўскай, якая займае дзве залы Віцебскага мастацкага музея, складаецца з некалькіх частак. Цэнтральная частка, як ахарактарызавала сама мастачка, вясёлкавая, святочная, веснавая. У другой зале, умоўна кажучы, “дзіцячы альбом”. Таксама ёсць значны гістарычны план і партрэтная частка. Настолькі жа шматсастаўны сэнс мае і назва выставы. Пра паходжанне яе Святлана Баранкоўская таксама распавяла наведвальнікам: “Мне вельмі хацелася правесці веснавую, святочную, каляровую выставу, якая нясе ў сваёй назве шмат сэнсаў. Таму што радно – гэта тое, чым я прафесійна займаюся… З гэтага радна я раблю нейкія карцінкі. Радно – гэта і тое роднае, што крочыць ў будучыню, і мінулае, што дае жыць Беларусі далей. Радно – гэта таксама мая радня… Радно яшчэ і “рад нумар зэро”, схаваны рад, той, у якім я яшчэ не ведаю, што зраблю”.

Святлана Баранкоўская. Літара “Ы”

Метафізічны нуль у шэрагу сімвалічных лічбаў з’яўляецца абазначэннем Перашапачатковай Пустэчы, альбо Усяленскай Магчымасці, з якой узнікае свет з’яў. Ужо не кажучы пра змест выставы, сама яе назва ўказвае на жаночы аспект сакральнай традыцыі. І ў поўнай адпаведнасці з ім, традыцыяналізм Святланы Баранкоўскай з’яўляецца падкрэслена гуманістычным, прасякнутым светлай і гарманічнай стыхіяльнасцю. Гэтая стыхіяльнасць выражае ідэю сусветнага дабра. Выстава “Rad№0” будзе экспанавацца больш за месяц, і мы запрашаем наведвальнікаў акунуцца ў найглыбейшы выраз свету беларускай традыцыі.

Святлана Баранкоўская. Рудая рака Рубон

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ