Грамадзянская ініцыятыва “Хайсы”: ахвяры сталінізму на Віцебшчыне павінны быць ушанаваныя
Новая грамадзянская ініцыятыва з’явілася ў Віцебску 18 сакавіка. Яна мае назву “Хайсы”, так, як і населены пункт, каля якога былі знойдзены ямы з чалавечымі парэшткамі.
Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Ян Дзяржаўцаў, дзякуючы якому шырокай грамадскасці стала вядома страшная таямніца лесу недалёка ад Дрыколля і Хайсоў, расказаў пра тое, як былі знойдзены брацкія магілі, і які лёс напаткаў іх далей.
Пайшлі па грыбы, а знайшлі…
Упершыню пра ямы з чалавечымі косткамі Яну распавёў жыхар Лужасна Іван Кудзінаў 8 год таму. Мясцовы жыхар натрапіў на іх, збіраючы з братам грыбы. Паглядзець жа самому на могільнік актывісту КХП-БНФ удалося толькі ў 2014 годзе. Івана Кудзінава застаць жывым ужо не выпала, але ягоны брат таксама добра памятаў гэтае месца.
— За гэты час з’явілася і іншая інфармацыя аб сталінскіх злачынствах на Беларусі: была прэзентаваная кніга Зянона Пазняка пра Курапаты, а на сайце Радыё “Свабода” з’явілася “Картатэка Сталіна” Сяргея Дубаўца, — расказаў Ян Дзяржаўцаў. — Я вырашыў падлічыць, колькі людзей было рэпрэсавана, напрыклад, з майго роднага Лёзненскага раёна. Налічыў 1240 чалавек. Як вядома, многія загінулі у Віцебскай турме. Але ж куды зручней было расстрэльваць не ў сутарэннях, адкуль трэба было б вывозіць целы, а рабіць гэта дзесьці у прыгарадным лесе. Таму я амаль упэўнены, што у віцебскіх лясах знайшлі супакой менавіта ахвяры рэпрэсій.
Чые ж магілы пад Віцебскам?
Апытаныя мясцовыя жыхары таксама сцвярджаюць: пахаванні з’явіліся яшчэ да вайны. Кажуць, адзін селянін нават паказваў месцы расстрэлу немцам. Але самым кампетэнтным магло б быць меркаванне спецыялістаў-экспертаў. Выказваць якое яны, на жаль, не спяшаюцца.
— Мы напісалі заявы у абласны УУС, следчы камітэт, пракуратуру, — расказаў Ян Дзяржаўцаў. — Усе гэтыя заявы патрапілі ў Віцебскі раённы следчы камітэт. На наступны дзень да ям прыехалі спецыялісты камітэту, узялі некалькі чарапоў і костак на экспертызу і завезлі ў Віцебск.
Праз месяц эксперты далі адказ: высветліць колькі часу прайшло з моманту забойства немагчыма. Можа, на гэтае пытанне адкажуць сталічныя спецыялісты, якім былі перададзены косткі і чарапы? Цяпер мы чакае вынікаў адтуль.
Апошні раз мы цікавіліся лёсам чалавечых рэшткаў недзе з месяц таму. Зоя Высокіх – следчая, якая вядзе нашу справу — сказала, што экспертыза можа доўжыцца і год. А калі мы прасілі, каб нам паведамілі аб яе выніках, то атрымалі адмову: маўляў, мы не з’яўляемся заяўнікамі. Тады на адрас абласнога следчага камітэту мы накіравалі зварот грамадзян з аналагічнай просьбай. Адказу чакаем каля месяца. Пасля плануем падаваць заяву ў суд. Так нам параіў адвакат.
Самым дзіўным для ініцыятараў экспертызы, па іх словах, стала тое, што да гэтага часу у Беларусi не гатовы адкрыта гаварыць пра злачынствы НКУС. Аказваецца, кіраўніку аднаго з пашуковых атрадаў было вядома пра гэтыя пахаванні каля 20 год таму, але яму параілі маўчаць… А браты Кудзінавы, знайшоўшы страшныя ямы, у 80-я гады заяўлялі аб гэтым і ўчастковаму, і ў сельсавет, і лужаснянскаму святару. Ніякіх мер тады ніхто не прыняў.
Пахаваць па-хрысціянску
Не чакаючы вынікаў экспертызы, ініцыятыўная група пачала збор подпісаў пад зваротам ў сельскі савет. Ад мясцовых уладаў чакаюць дазволу і дапамогі ў пахаванні расстраляных. Дапамога найперш тычыцца кантактаў з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі: неабходны дазвол на прарэджванне лесу каля месца пахавання, для упарадкавання дарогі да брацкай магілы і г.д.
Многае з таго, што было магчыма, актывісты зрабілі яшчэ ў час першай паездкі ў Хайсы, у лістападзе 2014. Тады ля брацкіх магіл былі усталяваныя тры крыжы, якія асвяціў уніяцкі святар айцец Зміцер.
У бліжэйшыя месяцы запланавана добраўпарадкаванне, а таксама складанне падрабязнай карты праезду да месца гібелі людзей, — зусім хутка гэтую карту можна будзе знайсці у інтэрнеце.
Нягледзячы на тое, што назва грамадскай ініцыятывы ўказвае на канкрэтны населены пункт, яна будзе тычыцца ушанавання памяці ахвяр сталінізму усёй Віцебская вобласці. У планах актывістаў таксама зварот да ўлад з прапановай паставіць у Віцебску помнік грамадзянам, рэпрэсіраваным пад час сталінскага тэрору.
— Там ляжаць людзі! Мы вырашылі, што так усё пакідаць нельга. Абавязкова трэба упарадкаваць гэта месца, годна пахаваць парэшткі і стварыць мемарыял,— упэўнены Ян Дзяржаўцаў.