У Дзень тэатра коласаўцы прыгадалі калег
Мастакі пакідаюць пасля сябе карціны, кампазітары – музыку, пісьменнікі – кнігі. А што застаецца пасля творцаў сцэны, калі яны сыходзяць ад нас назаўжды? Толькі памяць. І пакуль існуе яна – памяць удзячных гледачоў, памяць верных калег, памяць тэатральных сцен, што чулі воплескі і крыкі “брава” – любімыя артысты тут, яны з намі.
Міжнародны дзень тэатра святкуецца 27 сакавіка. У гэты вечар артысты нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа вырашылі падзяліцца гэтай светлай памяццю з усімі аматарамі тэатральнага мастацтва.
Модны зараз у рэжысёраў тэатра экран для кінапраекцый рэдка арганічна ўпісваецца ў спектакль. Аднак тут ён быў вельмі дарэчы. З яго глядзелі, спявалі, на ім ажывалі ў архіўных запісах майстры сцэны, што больш ужо ніколі не выйдуць да гледача. І, паступіўшыся галоўным козырам тэатра перад тэхнагеннымі мастацтвамі – жывымі зносінамі з залай, артысты наладзілі дыялог праз гады.
Вечар памяці нібы прыгожы ўзор у калейдаскопу з мноства каляровых шкельцаў, склаўся з вобразаў былых коласаўцаў. Тыя маўкліва назіралі з экрана. А стваралі вобразы коласаўцы сённяшнія. Яркі ўспамін, дробная дэталь, якая можа расказаць пра асобу больш за любую манаграфію, любімая музыка або песня.
Актрыса Вольга Куляшова расказвае пра партэт Каліноўскага ў татавым пакоі: гераічны беларус быў надта падобны да Уладзіміра Куляшова і знешне, і унутрана. Зінаіда Гурбо спявае народную песню “Ходзяць коні”. Яе так любіла калісьці Галіна Каралькова: актрыса, якая заўжды купляла шакаладкі і раздавала ўсім, бо вельмі любіла рабіць людзям прыемнае. А раманс “Гори, гори, моя звезда», які калісьці спяваў былы дырэктар тэатра Геральд Асвяцінскі у гэты вечар прагучаў у выкананні Арцёма Блахіна…
Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька, Людміла Пісарава, Георгій Дубаў, Мікалай Цішачкін, Аляксандр Харкевіч… Артысты, дырэктары, дзеячы на тэатральнай ніве. Вядома, прыгадаць усіх за адзін вечар немагчыма. А гэта значыць, будуць новыя сустрэчы, новыя кранальныя вечары. Бо пямяць павінна жыць. І падпітваць гісторыю вялікага калектыву, якая спрыяе руху наперад у самы няпросты час.