Касцёл і святары павінны выкарыстоўваць магчымасці інфармацыйнай эпохі дзеля служэння і евангелізацыі. Такое мерваканне выказаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падчас традыцыйнай перадвелікоднай прэс-канферэнцыі.
“Кожная эпоха і кожны час ставяць свае запатрабаванні. Але ва ўсім можна знайсці добрае зерне і выкарыстаць яго дзеля працы евангелізацыі. Усё павінна служыць на карысць чалавеку. У тым ліку — інтэрнэт. У маладосці я не ведаў, што гэта такое, але сёння без інтэрнету ўжо цяжка ўявіць сучаснае жыццё. Гэта сродак, які вымагае ад святара асаблівага падыходу”, — сказаў Алег Буткевіч, адказваючы на пытанне пра выклікі інфармацыйнай эпохі.
Біскуп нагадаў журналістам, што каталікі святкуюць сёлета Пасху 5 красавіка і абвесціў расклад Пасхальнага Трыдууму ў Віцебскай дыяцэзіі. Выказаў таксама пажаданне, каб людзі больш свядома перажывалі падзею Ўваскрасення Хрыста: “Бо сёння патрабуецца духоўны фундамент, на якім мы павінны будаваць нашае нялёгкае жыццё. Рэлігія дае нам гэты фундамент”.
Парафіяда і трэнажоры ў манастыры
Адказваючы на пытанне журналіста пра трэнажорную залу, якую адкрыў нядаўна ў Друйскім манастыры мясцовы ксёндз, Алег Буткевіч заўважыў, што гэткім чынам касцёл дапамагае арганізаваць мясцовай моладзі вольны час і навучае здароваму ладу жыцця. “Бо гэта таксама Божая справа — каб жыццё чалавека было годным і ў духоўным вымярэнні, і ў фізічным плане”.
Біскуп паведаміў, што з мінулага года ў Віцебскай дыяцэзіі ладзіцца Парафіяда, якая ўключае ў сябе спартовыя спаборніцтвы, тэатральную творчасць і дзейнасць, накіраваную на раскрыццё талентаў. “Гэтая ініцыятыва — Парафіяда — ўжо пачынае набіраць папулярнасць”, — зазначыў кіраўнік дыяцэзіі.
Пра арганы і стасункі з мусульманамі
Біскуп Віцебскі выказаў таксама заклапочанасць у сувязі з тым, што ў храмах Віцебскай вобласці не стае арганістаў. А некаторыя духавыя арганы атрабуюць рамонту. “Арганы — частка нашай культуры. І гэта яшчэ адно заданне для касцёла — выхаваць арганістаў”, — падкрэсліў біскуп.
Адказваючы на пытанне пра міжканфесійныя стасункі каталікоў і мусульман, біскуп зазначыў, што на афіцыйным узроўні сустрэч з беларускімі мусульманамі ў дыяцэзіі не праводзілася. Усе кантакты адбываюцца на ўзроўні звычайных вернікаў, у тым ліку ў змяшаных сем’ях.
“На ўзроўні звычайных людзей міжканфесійных праблем зывачайна не ўзнікае. Але здараюцца там, дзе ў гэтае пытанне ўваходзіць палітыка. Дзякуй Богу, у нашым грамадстве гэтай праблемы няма”, — зазначыў біскуп.
Святары ў войску
Журналісты таксама пацікавіліся, калі каталіцкія святары нароўні з праваслаўнымі пачнуць працаваць у беларускім войску.
“Тыя мерапрыемствы, якія тычацца дзяржаўных установаў, патрабуе асаблівых адносінаў між касцёлам і дзяржавай, якія на сённяшні дзень адрэгуляваныя не да канца. Канкардат беларускай дзяржавы з каталіцкім касцёлам, падпісанне якога мы ўсе чакаем, напэўна будзе мець на ўвазе і гэтыя пытанні. Бо яны важныя, і думаю, што з цягам часу будуць вырашаны. Каб чалавек мог зрэалізаваць сваё права на духоўнае жыццё ў сваёй канфесіі”, — зазначыў біскуп Алег Буткевіч.
“З іншага боку, калі справа звязана з малітвай і Божым бласлаўленнем і калі каталік атрымае асвячэнне і бласлаўленне ад праваслаўнага святара разам з іншымі салдатамі ў войску ці дзе ў школе, дык гэта будзе тым самым Божым бласлаўленнем для чалавека, і кожны вернік успрыме гэта як Божы дар”, — сказаў Алег Буткевіч.
Расклад святочных літургіяў ў парафіях Віцебска на Пасхальны Трыдуум
Езуса Міласэрнага (вул. Воінаў-інтэрнацыяналістаў, 28):
2 красавіка. Св. Імша Крыжма з удзелам святароў віцебскай дыяцэзіі — 11.00;
2 красавіка. Св. Імша Вячэры Пана — 18.00;
3 красавіка. Вялікая пятніца, Літургія Мукі Пана — 18.00;
4 красавіка. Асвячэнне страў на Велікодны стол — 10.00, 12.00, 14.00, 16.00, 18.00;
4 красавіка. Пасхальная Вігілія — 22.00;
5 красавіка. Велікодная Нядзеля — 11.00, 18.00.
Св. Барбары (вул. Ленінградская, 29):
2 красавіка. Св. Імша Вячэры Пана — 19.00;
3 красавіка. Вялікая пятніца, Літургія Мукі Пана — 19.00;
4 красавіка. Асвячэнне страў на Велікодны стол — з 9.00 да 17.00 кожную гадзіну.
4 красавіка. Пасхальная Вігілія — 21.30;
5 красавіка. Велікодная Нядзеля — 9.00, 10.30, 12.00, 15.00, 18.00.
Св. Духа (вул. Чкалава, 5а):
2 красавіка. Св. Імша Вячэры Пана — 19.00;
3 красавіка. Вялікая пятніца, Літургія Мукі Пана — 19.00;
4 красавіка. Асвячэнне страў на Велікодны стол — 9.30, 11.30, 15.30, 17.30.
4 красавіка. Пасхальная Вігілія — 21.00;
5 красавіка. Велікодная Нядзеля — 10.30, 19.00.
Св. Антонія (вул. Гагарына, 26а):
2 красавіка. Св. Імша Вячэры Пана — 18.00;
3 красавіка. Вялікая пятніца, Літургія Мукі Пана — 18.00;
4 красавіка. Асвячэнне страў на Велікодны стол — 10.00, 12.00, 15.00, 18.00;
4 красавіка. Пасхальная Вігілія — 23.00;
5 красавіка. Велікодная Нядзеля — 10.00, 12.00.