Краязнаўца Мікалай Півавар пачаў экскурсійны сезон
Першая з сёлетніх паездак прайшла па мястэчках і вёсках, ля якіх у міжваенны час бегла мяжа паміж Польшчай і Савецкай Беларуссю. Экскурсанты наведалі Заслаўе, Новае Поле, Ракаў, Падневічы, Валожын, Івянец. Скончылася актыўная частка вандроўкі на самым высокім месцы нашай краіны — гары Святой, якая больш вядомая па назве Дзяржынская.
Маршрут без надзвычайных высілкаў за дзень можа адолець любая кампанія з уласным транспартам. Заслаўе валодае статусам горада-запаведніка, тут можна пабачыць касцёл найсвяцейшай Панны Марыі і вельмі рэдкі для Беларусі помнік — колішні кальвінскі збор XVI ст. Горад прыгожы дагледжаны, парадкі тут навялі летась да Дня беларускага пісьменства.
Па дарозе з Заслаўя да Ракава збочваем у Новае Поле. У гэтым пасёлку захавалася 150-гадовая сядзіба, якая раней належыла роду Друцкіх-Любецкіх. Невялічкі Ракаў насычаны помнікамі: праваслаўная царква, каталіцкія касцёлы, старыя яўрэйскія могілкі і адна з цэнтральных падзей вандроўкі — наведванне прыватнага музея-галерэі “Янушкевічы”. Беларускія прыватныя музеі можна пералічыць па пальцах. У ракаўскім экскурсію водзіць гаспадар Фелікс Янушкевіч. Распавядае старонкі гісторыі, якая заўсёды клінам сыходзілася на яго любым мястэчку. Паказвае шмат сваіх твораў і міжваенных артэфактаў: ад формы для пудынга (чалавек 10 можна накарміць) да калыскі з правільным “рэжымам калыхання”.
Ля вёскі Падневічы захаваліся старыя могілкі з капліцай Жаброўскіх і месцам пахавання аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Могілкі стаяць на ўзвышшы ля самай дарогі і вандроўніку іх цяжка будзе прапусціць.
Івянец і Валожын — мястэчкі з багатай гісторыяй. Тут глядзім храмы, знакаміты на ўвесь свет ешыбот, палац Тышкевічаў, францішканскі кляштар і набываем сувеніры. У Валожыне робяць нядрэнны сыр, а ў Івянцы — смачныя цукеркі.
Пасля апошняга пункту вандроўкі шмат хто з удзельнікаў змяніў свае аватаркі ў сацыяльных сетках. Кожны з вандроўнікаў пабываў на самым высокім месцы Беларусі, гары Святой з яе сціплымі 345 метрамі вышыні.
Вандроўка праходзіла ў партнёрстве з грамадскай капаніяй “Будзьма беларусамі!” www.budzma.by і мусіла апрабаваць цікавы аднадзённы маршрут з выездам з Віцебску. Як высветлілася, ён цалкам магчымы і вельмі разнастайны па ўражаннях. Калі надумаеце паехаць, то ведайце, што дарожныя знакі почасту будуць спакушаць вас паваротамі на Мірскі замак і Нясвіжскі палац. Але варта трымацца запланаванага і атрымаеце не менш уражанняў.
Відэа: Аляксандр Пяршай