Супрацоўнікі Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна на чале з Вольгай Дарафеевай падрыхтавалі выдатны каталог выставы Вячаслава Шамшура “Класіка сучаснага пейзажа”.
Вячаслаў Вячаслававіч — адзін з самых паважаных выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, дзе нязменна працуе ўжо каля 45 гадоў, прафесар кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі. Даследуе гісторыю беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, творчасць сучасных мастакоў, з’яўляецца адным з аўтараў грунтоўнай “Гісторыі мастацтва Беларусі”.
У каталог увайшлі 18 работ майстра — вясковыя і гарадскія пейзажы Віцебшчыны, выкананыя пераважна пастэллю.
Адным з укладальнікаў выступіў кандыдат мастацтвазнаўства Міхась Цыбульскі. У прадмове да выдання ён піша: “Мастак не імкнецца ўгнацца за бясконца зменлівай сітуацыяй у мастацтве, свядома дыстанцыруецца ад шматлікіх навамодных тэндэнцый, паколькі не лічыць жаданне як мага вычварней заявіць аб сабе вышэйшай праявай арыгінальнасці. Менавіта ў такой вольнай, пазбаўленай прытворства штодзённай карпатлівай працы, прафесійнай стараннасці Вячаслава Шамшура праяўляецца шчырасць яго творчасці. (…) І што асабліва прыкметна, і на мой погляд важна для любога мастацтва – шчырасць праяўляецца ў выразнай нацыянальнай адметнасці твораў Вячаслава Шамшура. Уласная свядомасць, пэўная грамадзянская пазіцыя творцы ніколі не залежалі ад таго, як змянялася ўлада на Беларусі, і таму заўжды знаходзілі ўвасабленне ў натуральных, адпавядаючых праўдзе жыцця мастацкіх формах. У творчасці Шамшура мы можам убачыць праявы рэдкага (і надзвычай каштоўнага!!!) безсвядомага нацыяналізму – нацыяналізму творчага духу, заснаванага на беззапаветнай самаадданай любові да Радзімы, які менавіта таму мае сэнс, што ён не павярхоўны і надуманы, а народжаны і асэнсаваны ўсім жыццём мастака”.
Пры падрыхтоўцы дадзенага выдання выкарыстаны электронны і картачныя каталогі Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, “Летапіс друку Беларусі”, фонды аддзелаў літаратуры па мастацтве, краязнаўства, асноўнага кнігасховішча, асабістыя архівы складальнікаў каталога.