У Віцебску падобны “Кірмаш праектаў” праводзіцца другі раз — у мінулым годзе ініцыяваны адміністрацыяй горада збор ідэй для праграмы святкаванняў скончыўся падтрымкай 9 з 10 праектаў і некалькіх задумак.
Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска заклікае спрычыніцца да адной з буйнейшых культурніцкіх гарадскіх падзей праз падачу заявак на фармаванне праграмы свята. Свае ідэі наконт таго, як можна зрабіць больш адметным, цікавым і запамінальным Дзень горада, агульнымі высілкамі палепшыць культурную прастору горада, можна прадставіць і абмеркаваць 28 мая на “Кірмашы праектаў” – пляцоўцы, дзе гуртуюцца культурніцкія дзеячы і актывісты. Найлепшыя прапановы ўвойдуць у праграмы святаў на адміністрацыйным узроўні.
“Кірмаш праектаў” — гэта адкрытая публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй, якую праводзіць грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” у многіх гарадах Беларусі.
Тут можна ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў ды партнёраў. Фармат мерапрыемства — так званая “маланкавая размова”, што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.
Каб стаць удзельнікам “Кірмашу праектаў”, неабходна да 21 мая ўключна даслаць прэзентацыю сваёй задумы на электронную скрыню kirmash.vitsebsk@gmail.com па рэкамендаваным плане:
- назва прэзентацыі;
- кароткае апісанне зместу ідэі;
- мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
- фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Калі вы з тых, каму заўсёды хочацца новых і цікавых рашэнняў для свайго горада, яго культуры, і вы гатовыя падтрымаць яго развіццё і насамрэч атрымаць задавальненне ад агульнагарадскіх святаў, то гэта ваш шанец!
Відэа: Аляксандр Пяршай