90-ты тэатральны сезон Коласаўскі тэатр распачне ў верасні
Новы, 90-ы сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа распачне традыцыйна – камедыяй «Несцерка». Але гэты незвычайны тэатральны сезон падоўжаны на месяц і пачнецца раней, чым звычайна, – 8 верасня.
Як паведаміў літаратурны рэдактар тэатра Юрась Іваноўскі, у верасні ж пасля доўгага перапынку зноў з’явіцца на коласаўскай сцэне спектакль «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана Караткевіча «Нельга забыць» у пастаноўцы Міхася Краснабаева. Далей гэты рэжысёр плануе пачаць працу над навагодняй феерыей «Снежная каралева» – з песнямі, танцамі і святочным чараўніцтвам. Напрыканцы верасня у Віцебск з абменнымі гастролямі прыедзе Гомельскі абласны драматычны тэатр, у сярэдзіне кастрычніка у Гомель паедуць коласаўцы.
Знакавай падзеей 2016 года стане юбілей тэатра. З гэтай нагоды ўжо ствараецца творча-адміністрацыйная група, пачынаецца планаванне юбілейных мерапрыемстваў на ўвесь наступны год. Свае 90-годдзе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыць 21 лістапада 2016 года.
Яшчэ з мінулага сезона ідзе праца над новымі пастаноўкамі. У наступным годзе адбудуцца прэм’еры Спектаклі «Белы анёл з чорнымі крыламі» па п’есе Дзіяны Балыка (рэжысёр – Валерый Анісенка), «Цені» па творах Францішка Аляхновіча (рэжысер – Ніна Обухава). У новым сезоне запланаваныя пастаноўкі «Сымон-музыка» па паэме Я.Коласа (рэжысёр – Міхась Краснабаеў), «Акаянныя сны» паводле аповесці «Дзядзечкаў сон» Ф.Дастаеўскага (рэжысёр – Сяргей Кулікоўскі).
Непасрэдна да святкавання юбілея тэатра запланавана прэм’ера спектакля «Каласы пад сярпом тваім» (паводле рамана Караткевіча, пастаноўка – Валерыя Анісенкі), у якім задзейнічана ўся трупа тэатра.
Свае юбілеі азначаць артысты тэатра Раіса Грыбовіч, Валянціна Багданава, Вольга Куляшова, заслужаная артыстка, загадчык трупы тэтра Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова.