Будынак былой каталіцкай капліцы (№25/4 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску), пабудаванай у 1859 годзе, знясуць, бо ВДУ не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт.
Такі адказ на свой зварот у Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт атрымала Таццяна Севярынец. “Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага,25, у Батанічным садзе, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Па інфармацыі ўласніка, адбылося абследаванне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка.. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небяспечных, неабходна правесці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыццяўлення рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласнікам было прынята рашэнне аб зносе будынка”, — прыводзіцца вытрымка з адказу гарвыканкама на сайце bchd.info.
Пры гэтым, як ужо пісалі “ННВ”, толькі распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі абыдзецца універсітэту ў 22 000 000 мільёны рублёў, не кажучы ўжо пра самі працы па зносе будынка. Праўда, тэндэр на стварэнне гэтай дакументацыі, які быў абвешчаны 29 верасня, знаходзіцца ў незразумелай стадыі — на сайце www.icetrade.by так і не абвешчаныя яго вынікі.
Між тым удалося даведацца пэўныя падрабязнасці пра капліцу. Згодна апісання ў №33 “Tygodnik Powszechny” за 1884 год (ст. 524), капліца была пабудаваная коштам паноў Дуніных-Слепсцяў з дазволу ўлады і асвечаная ў 1860 годзе дэканам Гайжэўскім (Юльян Восіпавіч Гайжэўскі / Julian Gojżewski) ў гонар Найсвяцейшай Маці Божай Балеснай, успамін якой адзначаецца 15 верасня. У той жа крыніцы адзначаецца, што пад час гасцявання ў доме Дуніных-Слепсцяў імшу ў гэтай капліцы адслужыў арцыбіскуп Магілёўскі мітрапаліт Вацлаў Жылінскі.
Досыць цікавым выглядае тое, што Сцяпану Дуніну-Слепсцю ў той час удалося адчыніць у Віцебску новы каталіцкі храм. Як вядома, пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў на тэрыторыі Беларусі ў 1833 годзе было скасаванае дзеянне Статута ВКЛ, а касцёлы пачалі зачыняцца ці перадавацца іншым канфесіям.
Так, у дзённіку бешанковіцкага памешчыка і полацкага маршалка Ірэнія Васілеўскага, якія Уладыслаў Цеханавецкі прыводзіць у выдадзенай у 1912 годзе кнізе “Z okolic Dźwiny” (ст. 214), у 1848 годзе ў Віцебску быў ледзь не зачынены адзіны дзейны парафіяльны касцёл — з Санкт-Пецярбургу паступіў загад апячатаць касцёл святога Антонія. Там жа згадваецца, што з існаваўшых у 1833 годзе шасці касцёлаў у Віцебску па-дамініканскі (святога архангела Міхаіла) стаў руінай, як і святой Барбары, фарны касцёл (марыявітак) быў апячатаны і ператвораны на магазін (з 1858 года ў яго будынку размясцілі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг), па-езуіцкі (святога Язэпа) стаў праваслаўным саборам святога Мікалая, па-піярскі стаў кірхай, а трынітарскі – замкнуты (у 1858 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве і к 1865 году ён быў перабудаваны ў Пакроўскую царкву). Толькі ўмяшальніцтва віцебскага генерал-губернатара князя Галіцына перашкодзіла зачыніць і касцёл святога Антонія.
У сваім лісце ў рэдакцыю газеты “Słowo” Арцём Вярыга-Дарэўскі піша, што на 1858 год у Віцебску існуюць тры каталіцкія касцёлы: святога Антонія (пробашч Юлій Васількоўскі), Дамініканскі касцёл на Замкавай вуліцы, касцёл святой Барбары (пробашч Юлій Гайжэўскі). Стан будынкаў не згадваецца.
Што тычыцца Дуніных-Слепсцяў, то яны яшчэ неаднаразова згадваюцца ў памятных кніжках Віцебскай губерні. Адзначым, што прозвішча ў гэтых крыніцах падаецца ў двух напісаннях: Дунін-Слепсць (Дунинъ-Слѣпць), напрыклад, у 1866, 1881 і 1882 гадах і Дунін-Сляпец (Дунинъ-Слѣпецъ), напрыклад, у 1865, 1867 і 1868 гадах. Пры гэтым яно часам губляе прыдомак “Дунін”, і, адпаведна, у алфавітных паказальніках знаходзіцца пад літарай “С”. У той жа час у польскіх і нямецкіх крыніцах прасочваецца толькі напісанне Dunin-Slepść.
Згодна “Памятной книжке Витебской губернии” 1865 года (ст. 13) калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць 23 снежня 1864 года (4 студзеня 1865 года згодна новага стылю) стаў дэпутатам дваранства ад Полацкага павета. На гэтай жа пасадзе ён знаходзіўся згодна кніг 1866 (ст. 15) і 1867 (ст. 18) гадоў. Падобна, што да 28 чэрвеня (10 ліпеня) 1868 года, калі яго змяніў прапаршчык Язэп Гаспяровіч Гутоўскі.
Там жа прыводзяцца больш поўныя звесткі пра яго ўзнагароды: акрамя ордэна св. Уладзіміра IV ступені і знака адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы, згаданых у першым артыкуле, меў ордэн св. Анны III ступені і медаль за 1853-1856 гады, выпушчаны ў гонар сканчэння Крымскай вайны, якім шырока ўзнагароджваліся і цывільныя людзі, што не бралі ўдзелу ў ваенных дзеяннях.
У 1867 годзе Сцяпану Дуніну-Слепсцю было 60 гадоў (значыць, верагодней за ўсё, нарадзіўся ў 1808 годзе), з якіх 37 ён аддаў службе. Таксама адзначаецца, што ён жанаты, а выхаванне атрымаў у Полацкай акадэміі езуітаў. У выданні 1905 ода “Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych” (ст. 141) знаходзім, што згодна “Miesiacznik Połocki” 1818 года (т. 1 ст. 76) у 1817 годзе ўзнагароды заслужыў вучань 4 класа Сцяпан Слепсць.
Апошні раз, які ўдалося знайсці, у памятных кніжках Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепць згадваецца ў 1878 годзе. Ён пазначаны (ст. 264), як памешчык Віцебскага павету, які меў маёнтка Зарэчня і фальварак Замошша з 1472 дзесяцінамі (каля 1605 гектараў) зямлі. Прыватным землеўладальнікам у Віцебскім павеце тады належала 143 372 дзесяціны, а землеўладальнікаў, якія б мелі больш за 1000 дзесяцін было ўсяго 9.
У “Памятной книжке Витебской губернии” 1881 года (ст. 149) мы ўжо знаходзім, верагодней за ўсё, сына заснавальніка капліцы Сцяпана Сцяпанавіча Дуніна-Слепсця, які пазначаны памешчыкам і глосным Віцебскай гарадской думы па 2-м разрадзе. У 1882 годзе ён згадваецца на гэтай жа пасадзе (ст. 210), а таксама як сябра савета Віцебскага таварыства сельскіх гаспадароў (ст. 232).
У выданні «Kritische Miscellen» 1864 года, можна знайсці, што ў Vitzthumsches Gymnasium у Дрэздэне з 1863 па 1864 год у 5 класе вучыўся Сцяпан Дунін-Слепсць (ст. 79), які нарадзіўся 14 мая (26) 1850 года ў Віцебску. Там жа (ст. 83) згадваецца, што ён пакінуў гімназію, бо з маці вярнуўся на радзіму. Цікава, што Віцебск (Witepsk) адносяць да Літвы (Lithauen).
З “Jahrbuch für das Berg- und Hüttenwesen im Königreiche Sachsen auf das Jahr” за 1873 (ст. 188) і 1874 (ст. 206) гады вядома, што з 1872 па 1875 гады Сцяпан Сцяпанавіч Дунін-Слепсць (Stephan Stephanowitzsch von Dunin-Slepsc, aus Witebsk in Russland) вучыўся ў Горнай акадэміі Фрайберга (там жа, напрыклад, вучыўся Міхайла Ламаносаў).
Як бачым будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску цікавы не толькі, як узор архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя, але і як звязаны з жыццём грамадскіх дзеячаў нашага горада.
Дарэчы, на здымках Канстанціна Дурыхіна, зробленых у прамежку ад 1956 года (калі быў пабудаваны мост імя Баўмана) да 1959 года (калі Дурыхін з’ехаў з Віцебска) можна ўбачыць яшчэ аднапавярховы будынак былой капліцы амаль у аўтэнтычным выглядзе, толькі без вежачак.
Што трэба зрабіць з капліцай Дуніных-Слепсцяў у Віцебску (сярэдзіна XIX ст.)?
- Аднавіць у першапачатковым выглядзе (74%, Галасоў: 282)
- Закансерваваць да лепшых часоў (16%, Галасоў: 63)
- Знесці, як плануюць (10%, Галасоў: 37)
Усяго галасоў: 382