Пывітанне, Мама Му! Прэзентацыя новай кнігі Юі Вісландэр адбылася ў Віцебску

Аднойчы Мама Му паехала ў басейн, каб навучыцца там плаваць. І, нагледзячы на папярэджанні: “Мама Му, ты ж карова!” – зрабіла гэта. Мала таго, праплыла 25 метраў і атрымала ўзнагароду – залаты медаль.
Пывітанне, Мама Му! Прэзентацыя новай кнігі Юі Вісландэр адбылася ў Віцебску. Фота Барбары Церашковай

Новыя прыгоды герояў кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр былі прэзентаваны ў Беларусі. Сустрэчы з казачніцай, а таксама з перакладчыцай яе кніг на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч на мінулым тыдні адбыліся ў Мінску і Віцебску. Дарэчы, кнігу “Мама Му ў басейне” першымі пабачылі менавіта юныя віцябляне. Выданне было атрымана з друкарні якраз напярэдадні паездкі ў Віцебск.

Пывітанне, Мама Му! Прэзентацыя новай кнігі Юі Вісландэр адбылася ў Віцебску. Фота Барбары Церашковай

Сёлетні візіт у нашу краіну для спадарыні Юі трэці. Аднак у Віцебск яна патрапіла ўпершыню. І, як прызналася сама, атрымала самыя розныя ўражанні. Спадабаўся асабліва прывабны сонечным восеньскім днём горад, моцна ўразіла паездка ў дзіцячы дом – менавіта там прайшла першая сустрэча з пісьменніцай і адбылася віцебская прэм’ера спектакля паводле новай кнігі ў выкананні артыстаў тэатра лялек “Лямцавая батлейка”.

Пывітанне, Мама Му! Прэзентацыя новай кнігі Юі Вісландэр адбылася ў Віцебску. Фота Барбары Церашковай

А ўвечары юныя чытачы і іх бацькі сабраліся ў бітлз-клубе “Паддашак”. У гэты вечар тут можна было купіць любую кнігу пра Маму Му з выдадзеных у Беларусі, атрымаць аўтограф пісьменніцы і перакладчыцы, паглядзець спектакль. На сустрэчу ў Віцебск завітаў таксама і пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Марцін Оберг. З асаблівым гонарам ён адзначыў, што пераклад на беларускую мову новай кнігі з серыі твораў пра Маму Му – другі пасля перакладу на нямецкую. І паабяцаў, што на гэтым знаёмства са шведскай дзіцячай літаратурай для беларусаў не закончыцца: ужо ёсць праект перакладу серыі кніг пра Фіндуса і Пэтсана, якія піша сучасны казачнік і ілюстратар Свен Нурдквіст. Дарэчы, менавіта яркімі малюнкамі Нурдквіста ілюстраваны і выданні “Мамы Му”. Для дыпламата стала нечаканым сюрпрызам тое, што, аказваецца, хлопчыкі і дзяўчынкі з Віцебска ўжо даўно знаёмыя са старым Пэтсанам і ягоным гарэзлівым кацянём: у Беларускім тэатры “Лялька” паводле казак Нурдквіста пастаўлены спектакль “Чароўная скрыня з зялёным гарошкам”. Спадар Марцін Оберг абяцаў абавязкова прыехаць, каб паглядзець спектакль. Для яго важныя любыя стасункі, любая ўзаемная цікавасць, якая узнікае паміж шведамі і беларусамі. Бо яна – пачатак чагосьці нашмат большага за звычайны інтарэс. А з’яўленне транскультурных праектаў, пра якія пасольства нават не ведае, лішні раз сведчыць аб тым, што гэтая цікавасць сапраўдная і мае вялікія перспектывы.

Пывітанне, Мама Му! Прэзентацыя новай кнігі Юі Вісландэр адбылася ў Віцебску. Фота Барбары Церашковай

Пакуль маленькія гледачы сачылі за незвычайнымі прыгодамі Мамы Му і Крумкача, якія разгарнуліся на імправізаванай сцэне, у нас была магчымасць пагаварыць з перакладчыцай твораў Юі Вісландэр Надзеяй Кандрусевіч. Дарэчы, “Мама Му ў басейне” – далёка не першы твор, які Надзея пераказала для дзяцей па-беларуску:

Я пачала перакладаць кнігі Юі Вісландэр яшчэ ў 2010 годзе. Першай свет пабачыла кніга “Малы і мядзведзік”, праз нейкі час выйшаў яе працяг. А пасля я пазнаёмілася з героямі Мамы Му, і закахалася ў адначассе. Прыгоды Мамы Му былі выдадзены спачатку дзякуючы выдавецтву “Мастацкая літаратура” – там было надрукавана 4 кнігі, а цяпер дзякуючы выдавецтву “Логвінаў”. Яшчэ не ўсе кнігі пра вясёлую карову перакладзены, таму я спадзяюся, што працяг абавязкова будзе. Дзеці любяць і чакаюць пісьменніцу. Я бачу, наколькі яны рады сустрэчы з ёю. Дарэчы, кнігі Юі не пакідаюць абыякавымі і дарослых. Менавіта дзякуючы гісторыям пра Маму Му з’явіўся праект Веранікі Фаміной “Лямцавая батлейка”. Вераніка сама валяе лялькі для спектакляў. І ў рэпертуары тэатра іх ужо чатыры. Сёння вы пабачыце невялікае прадстаўленне паводле новай кнігі.

- Надзея, ці ўдалося вам, працуючы над перакладамі, разгадаць феномен шведскай дзіцячай літаратуры? Чаму яна такая папулярная ва ўсім свеце?

- Сапраўды, увесь свет ведае менавіта дзіцячых шведскіх пісьменнікаў. Такі залаты век у шведскай дзіцячай літаратуры распачала Астрыд Ліндгрэн. Яна звярнула ўвагу на тое, што дзяцей не трэба ў кнігах вучыць. Пакуль яны дзеці, ім трэба весяліцца, забаўляцца. Не трэба імкнуцца ў дзіцячых кнігах быць маралізатарскімі і педагагічнымі. Бо нас жа ніхто ў дарослай літаратуры не вучыць. Ніхто не кажа, як трэба паводзіць сябе ці што рабіць. І зараз шведскія дзіцячыя пісьменнікі працягваюць гэтую традыцыю, яны развіваюць мудрыя ідэі Астрыд Ліндгрэн.

- Добры перакладчык – заўсёды трошкі суаўтар. Падзяліцеся, што вас натхняе перакладаць шведскія казкі?

Я перакладаю іх на беларускую мову, бо лічу, што ў Беларусі не так шмат добрых якасных дзіцячых кніг, якія дзеці могуць чытаць па-беларуску. І гэта натхняе ў першую чаргу. Дзеці будуць вучыць мову не толькі чытаючы дарослую літаратуру або ў школе. Яны пабачаць, што Мама Му размаўляе па-беларуску. Што гэта весела, гэта здорава. Прыклад любімых казачных герояў будзе іх натхняць на тое, каб ужываць беларускую мову кожны дзень, размаўляць на ёй. І тады з маленькіх чытачоў вырастуць дарослыя, якія будуць імкнуцца размаўляць па-беларуску. Я лічу, што гэта – самае важнае.

А шведскую казачніцу мы папрасілі крыху раскрыць інтрыгу. Расказаць, дзе апынецца Мама Му ў наступны раз, і якія новыя прыгоды чакаюць яе. Спадарыня Юя чароўна ўсміхнулася і … адмовіла. Што ж, няхай сакрэты застаюцца сакрэтамі. Тым з большай нецярплівасцю мы будзем чакаць працягу прыгод Мамы Му і, вядома, якасна выдадзеных перакладаў для беларускіх дзетак.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ