На Вадохрышча ў казачнае Лужасна

Скончыліся Навагоднія святы і хутка надышло Вадохрышча – апошняе свята Каляднага цыклу. Надвор’е зрабіла нам доўгачаканы падарунак – снегу занадта і камфортны мароз. Душа цягнецца за горад, да прыродных прыгажосцяў, да снежных елак і хвой, да мілых сэрцу сельскіх краявідаў. Для сустрэчы свята ў прыгарадным Лужасна спрыяе усё.
На Вадохрышча ў казачнае Лужасна. Фота Аляксандра Аніськовіча

Утульнае, амаль вясковае асяроддзе, скаваная ільдом Дзвіна і царква – нават дзве! Цудам захаваныя аўтэнтычныя храмы Лужасна здаўна намоленыя нашымі продкамі, таму маюць моц прыцягваць вернікаў для паломніцтва ў вялікія святы. Асабліва шматлюдна тут на Вадохрышча. Для многіх віцяблян сталася шматгадовай традыцыяй ехаць на гэтае свята ў казачна-зімовае Лужасна.

На Вадохрышча ў казачнае Лужасна. Фота Аляксандра Аніськовіча

У пасёлку нас вітае прыгожая Узнясенская царква. Яна радуе вока і лашчыць вуха гукамі звона тубыльцаў аж з 1908 года. Але мала хто ведае, што маленькая мураваная пабудова над Дзвіной, каля крыніцы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, гэта колішняя Крыжаўзвіжанская царква – самая старажытная з ваколіц Віцебска!

На Вадохрышча ў казачнае Лужасна. Фота Аляксандра Аніськовіча

Цяжка дакладна высветліць час і абставіны яе пабудовы. Але наш знакаміты краязнаўца Мікола Півавар паведамляе шмат цікавых звестак і неверагодныя паданні: У 1815 годзе мясцовы пан Ёсіф Енько збудаваў тут невялікую мураваную уніяцкую царкву ля пагоста (ля могілак). Мясцовыя людзі называлі гэты храм па-простаму “мураванка”. Існуе паданне, што пабудаванай мураванка была як абяцанне Богу і людзям, дадзенае панам у 1812 годзе: калі ў вайну французы не разбураць маёнтак, то будзе ў Лужасна новая мураваная царква. Пан сваё абяцанне выканаў.

На Вадохрышча ў казачнае Лужасна. Фота Аляксандра Аніськовіча

Але сёння, на свята Хрышчэння, цікава паслухаць іншае паданне, звязанае з гэтай цэркаўкай. Паведамляюць прыблізна наступнае. Некалі даўно задумаў мясцовы пан у Лужасна, каля берага ракі, пабудаваць вельмі вялікую царкву. Загадаў пан каб жыхары наваколля сабралі ўсе камяні з палёў ды лясоў і прывезлі на будоўлю падмурка храма. Падтрымалі людзі святую справу ды навезлі агромністую гару камення.

Аднак бяда - даведаўся чорт пра будоўлю бажніцы. Вырашыў ён перашкодзіць людзям і перакідаць усе сабраныя камяні ў Дзвіну. Ўсю ноч працаваў чорт - некаторыя камяні аж на другі бераг пераляталі... Другім разам навезлі людзі валуноў - аднак ноччу чорт зноў перакідаў ўсё ў раку. Так атрымлівалася тройчы, да самай зімы – ужо моцы няма каменне збіраць, ды ў наваколлі іх зусім не засталося.

Перамагчы чорта вызваўся стары варажбіт, які ў цяжкасцях людзям дапамагаў. Ведаў варажбіт што нельга зімой чорту знаходзіцца ў вадзе ад Вадохрышча ажно да самага Купалля. Ад свянцонай вады чэрці тысячамі гінуць, бо ва ўсіх мястэчках ля ракі на ваду святое слова ды крыжы бацюшкі апускаюць. Там, дзе святая вада на “Іардані” напаткае чорта, там ён і корчыцца ў страшэнным болю пакуль не згіне.

Загадаў варажбіт каб перад самым святам Вадохрышча прывезлі людзі на будоўлю царквы найвялікшы камень. Так і зрабілі. Знайшлі самы вялікі камень і талакой прыцягнулі да берага Дзвіны. Ў ноч на свята ўзяў варажбіт кошык, а ў ім пеўня, ды пайшоў пільнаваць камень. Схаваўся і чорта чакае.

Толькі схілілася сонца за снежныя елкі і заблішчалі на небе першыя зоркі як з’явіўся ля агромістага валуна чорт. Дужа цяжкім для яго здаўся гэты вялікі камень – ніяк не скінуць у раку. Ўзваліў чорт камень на свае плечы і намагаючыся панёс па ільду Дзвіны - як мага далей ад будоўлі царквы. Варажбіт тым часам ўсё бачыць і чакае. Толькі чорт дайшоў да сярэдзіны ракі – як раптам разбудзіць варажбіт пеўня ў кошыку. Дужа баяцца чэрці спеву гэтай ганарыстай птушкі. Певень прапяяў а чорт ад страху выпусціў камень – і аб лёд яго! Не вытрымаў лёд вагі валуна і праваліўся, а з ім у свянцоную ваду ракі трапіў і чорт – там яму і пакутлівы канец здаўся.

…З надыходам вясны будоўля царквы ўзнавілася. Але нічога не заставалася мясцоваму пану і жыхарам Лужасна як задаволіцца астаткамі камення і пабудаваць невялікі падмурак для зусім невялікай цэркаўкі. Тая мураванка прастаяла каля ста гадоў, пакуль людзі зноў не назбіралі шмат камення для падмурка новага вялікага і прыгожага храма.

На Вадохрышча ў казачнае Лужасна. Фота Аляксандра Аніськовіча

Вынікам жа шкоднай працы чорта сталася вялікая колькасць камення ў Дзвіне каля Лужасна. Захаваўся і вялізарны камень – ён ляжыць ў Дзвіне каля супрацьлеглай па рацэ вёсачкі Бібіраўка. Камень добра вядомы мясцовым жыхарам пад назвай Вялікі бібіраўскі камень (ці Чортаў камень). Яго даўжыня каля трох метраў. Паглядзець на камень спрытней будзе з пляжу ў Бібіраўке. Камень хоць і вялікі, але высоўваецца з ракі толькі ў спякотнае лета, калі вады ў Дзвіне становіцца мала.

Са святам Вадохрышча!

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ