У Віцебску пройдзе лекцыя прысвечаная спадчыне Ігната Абдзіраловіча

Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” запрашае на чарговую прамову з цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча.
У Віцебску пройдзе лекцыя  прысвечаная спадчыне Ігната Абдзіраловіча

28 студзеня ў віцебскай «Арт-прасторы» сваімі думкамі дзеліцца доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. Лекцыя адбудзецца па адрасе: Віцебск, вул. Талстога, 7. Пачатак а 18:30. Уваход вольны!

Чаму нам здаецца, што Ігнат Абдзіраловіч, пішучы блізу 100 гадоў таму, глядзеў наўпрост у наш час? Ці то беларусы вось толькі цяпер даспелі да па-надчасавага сумоўя з ім, ці то гэта па-надчасавая Беларусь зводзіць сваіх творцаў у вольным сумоўі – і вось мы несвядома апынуліся з ім твар у твар ды мусім цяпер ацаніць свае чыны, жаданні, ідэі ды мроі паводле ягонай шкалы каштоўнасцей? Антон Луцкевіч казаў пра Абдзіраловіча: “Быццам дыямент цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыццёвага бруду, маны, крывадушнасці”. І вось цяпер мы глядзім на сябе, на сваё жыццё, на сваю краіну скрозь гэты дыямент. Мы ўслухоўваемся ў ягоныя словы – і чуем, як пульсуе, яшчэ не народжаная, але ўжо памысленая, нашая супольная будучыня, дзе свабода асобы вынікае з неад’емнага права і патрэбы няспыннай творчасці, з безумоўнай павагі да пошуку і самапраяваў іншых – а свабода краіны і развіццё грамадства непазбежна вынікаюць з супольнага выбару людзей.

“Жыцьцё поўна нядолі, бо мы ня ўмеем быць тварцамі”. – “Усе дэмакратычныя вольнасьці здратованы дэмакратычнымі ўрадамі”. – “Запеўніць магчымасьць грамадзянскай творчасьці мы можам толькі ў разе адсутнасьці перш-на-перш чужынскага прымусу. З гэтага выплывае падстава да неабходнасьці палітычнай незалежнасьці як першая падстава для народу быць самім сабой” – а не “куртатай палітычнай незалежнасьці пад ласкай сымпатычных суседзяў”.

“Разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасьці”. – “Жыцьцё такое вялікае і яшчэ незразумелае, што ня можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў”.

“Чым слабей разьвіта духовасьць чалавека, тым большую вагу набірае форма: звычай, догмат, дактрына, незразумелы лёзунг”. – “Патрэбна ліючаяся, зьменная, заўсёды адпаведная жыцьцёвым праявам форма”. – “Хай ня будзе для чалавека нічога нярухомага, сьвятога: ні дактрын, хаваючых усё жыцьцё ў труну выразнай формы, ні зацьверджанай моралі на кожны дзень і гадзіну” – “Душа чалавечая, што прыходзіць у сьвет падзівіцца з яго хараства, павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленьне”.

“Чалавечнасьць адносін паміж асобнымі адзінкамі – неабходная падстова згоды агулу”.

«Творачы – зруйнуем»

Меткі: ,

Чытайце яшчэ