Беларусь на піўной мапе свету: Віцебск наведае эксперт і дэгустатар Аляксей Ластоўскі
На наступным тыдні ў Віцебску пройдзе лекцыя Аляксей Ластоўскага — беларускага навукоўцы, кандыдата сацыялагічных навук і, адначасова, самага дасведчанага ў Беларусі дэгустатара піва. Апошняму захапленню і будзе прысвечаная сустрэча.
Паводле Untapped — сацыяльнай сеткі, якая аб’ядноўвае піўных аматараў усяго свету, — за два гады Аляксею ўдалося пакаштаваць больш за 4000 гатункаў піва. Гэта самая вялікая лічба як у Беларусі, так і ў краінах СНД. Напярэдадні лекцыі мы звязаліся з выступоўцам, каб даведацца, што чакае наведнікаў “Торвальда” 16 чэрвеня.
— Ты шмат выступаеш з тэмай броварства, ёсць твае інтэрв’ю ў прэсе, можна паглядзець відэазапісы. Ці будзе на прэзентацыі ў “Торвальдзе” нейкая новая спецыфічная інфармацыя, якую ты падрыхтаваў менавіта для віцебскіх наведнікаў?
— Натуральна, інфармацыя будзе новая, бо ва ўсіх выступах я адказваў на пытанні, а тут з’явілася магчымасць распавядаць самому. Больш падрабязна, дэталёва, з дадатковымі ілюстрацыямі і відэашэрагам. У Віцебску мы больш глыбока паспрабуем разабрацца, што адбываецца з культурай броварства і культурай спажывання піва.
— На Беларусі?
— Так. Хаця трэба разумець, што наша краіна жыве не ізаляванай ад астатняга свету. І, адпаведна назве лекцыі, гэта будзе спроба размесціць Беларусь на сусветнай мапе броварства.
— Давай уявім асобу, якая б хацела ўзбагаціць свой піўны досвед і пазнаёміцца з як мага большым шэрагам смакаў і гатункаў за абмежаваны час. Якую б краіну ты параіў для наведвання?
— Самы просты і элементарны шлях — гэта паездка ў Польшчу. Нават далёка ад мяжы можна не ехаць, Беласток альбо Варшава дапамогуць акунуцца ў акіян гатункаў. Недзе чатыры гады назад там адбылася сапраўдная рэвалюцыя крафтавага піва, з’явілася мноства бровараў, новых гатункаў, бараў. Прычым, некаторыя бровары па сваёй якасці набылі еўрапейскую ці нават сусветную вядомасць. Таму Польшча — гэта самы просты і блізкі шлях. Калі паўстае візавае пытанне, то шмат чаго адбываецца і ў суседняй Расіі.
— А што перашкаджае “крафатавай рэвалюцыі” на Беларусі?
— Па-першае ў нас пачатковыя ўмовы былі не такімі спрыяльнымі, як у Польшчы. Па-другое, досыць шмат дзяржаўных рэгламентацый. Складаней разгарнуцца менавіта дробным броварам, бо патрэбнае ліцэнзыяванне і іншыя падобныя рэчы, якія няпроста пераадольваюцца. Таму пакуль што, калі казаць пра Мінск, мы пераважна развіваемся ў форме хатняга піваварэння, калі піва робіцца не на продаж, а для сваіх патрэбаў. Максімум — пачаставаць сяброў. Гэта не патрабуе нейкага заканадаўчага афармлення. Хаця былі выключныя выпадкі, калі хатнія бровары пераходзілі на больш-менш прамысловы ўзровень. І апошняе, што істотна, Беларусь стартавала пазней і больш павольна. Але агульныя тэндэнцыі развіваюцца і ў нас. Новыя гатункі, новыя бровары — усё гэта паступова пранікае і ў нашу беларускую рэчаіснасць.
Лекцыя-прэзентацыя “Беларусь на піўной мапе свету” пройдзе ў чацвер 16 чэрвеня ў арт-пабе “Торвальд”. Пачатак а 18-й гадзіне. Кошт уваходу: 30,000 рублёў, на якія можна атрымаць прадукцыю паба (чэк-бар).