24 чэрвеня заканчвае сваё служэнне ў парафіі Святога Антонія Падуанскага ксёндз-пробашч Анджэй Возьняк.
Прыехаўшы ў пачатку лютага 2003 года ў Беларусь, ён актыўна ўзяўся за працу. Каб не мець моўнага бар’ера з вернікамі, адразу пачаў вывучаць беларускую мову і ўжо праз два месяцы стаў маліцца да Бога па-беларуску. Шмат задумак было ў яго і ажыццявілася па добраўпарадкаванні касцёла і яго тэрыторыі: пакладзена плітка вакол храма, зроблена аўтастаянка, пасаджана шмат гатункаў туй і руж, некалькі разоў пакрывалася лакам падлога ў касцёле, нанова пафарбаваны сцены, зроблены новыя дзверы. На вежы касцёла ў 2009 годзе як падарунак гораду да яго юбілею з’явіўся гадзіннік.
Паўразбураны будынак былога завода “Беліт” ксёндз-пробашч ператварыў у цудоўную базу для летняга адпачынку дзяцей: з’явілася некалькі спальных памяшканняў, актавая і спартыўная залы, душавыя кабінкі.
Але яшчэ больш працаваў ён на ніве духоўнай. З 2004 года пачаў ажыццяўляць праект “Новае аблічча парафіі”, сутнасць якога ў тым, каб свецкія ўсё больш далучаліся да працы ў парафіі і запрашалі да гэтага іншых, арганізуючы розныя ўрачыстасці. І паступова касцёл ажыў. За 11 поўных гадоў працы ксяндза Анджэя ў пастаўскай парафіі сюды прыйшло каля трох тысяч новых вернікаў, каля 150 пасланцоў сталі разносіць у кожную каталіцкую сям’ю лісты ад парафіі. За гэтыя гады адзначана больш за 50 падзей, якія прыцягвалі ўвагу не толькі католікаў: Дзень Перамогі, 20-годдзе адраджэння касцёла, Дзень настаўніка, традыцыйным стала свята дажынак, часта па вуліцах горада праходзілі крыжовыя дарогі.
Дзясяты год на базе касцёла размяшчаюцца кругласутачныя аздараўленчыя лагеры, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзяцей (чатыры змены па 35 чалавек). Ксёндз заўсёды з’яўляўся спонсарам паездак: на Блакітныя азёры, на Браслаўшчыну, у Мосар, у аквапарк у Маладзечна або Мінск. Фрукты і салодкія прызы за спаборніцтвы — таксама ад яго. Калі пачынаўся дождж, заўсёды тэлефанаваў: “Дзе дзеці? Ці ёсць ім дзе схавацца?” Неаднойчы бывала, што святары выязджалі на некалькіх машынах і забіралі дзяцей у лагер, каб тыя па дарозе не прамачылі ногі. Вечарамі на вогнішчы разам з дзецьмі смажыў хлеб, каўбаскі, гуляў у футбол і валейбол…
Тры гады ксёндз Анджэй арганізоўваў і з’яўляўся спонсарам конкурсу каляднай песні для дзяцей і моладзі, у ім удзельнічалі таксама прадстаўнікі іншых парафій. Усе ўдзельнікі атрымлівалі пакеты з цукеркамі і шматлікія прызы: флэшкі, калонкі, цацкі, а за першае месца — гітары. Шмат разоў у наш раён па запрашэнні ксяндза Анджэя прыязджалі групы ананімных алкаголікаў, выступалі ў канцы святой Імшы, запрашалі на сустрэчы. Стаў запатрабаваным у пастаўчан пакой для знаходжання памерлых, прыцягальнай — сталоўка, дзе бедным можна атрымаць бясплатны абед.
Ад многіх людзей чула шчырыя словы падзякі ксяндзу-пробашчу. Упэўнена, тысячы парафіян падпісалі б яму падзяку за служэнне. За гэтыя гады ён стаў блізкім і родным для большасці вернікаў. У адных сем’ях вянчаў або хрысціў дзяцей, у другіх — маліўся за памерлых, трэцім дапамагаў парадамі ў складаных сітуацыях, з чацвёртымі зблізіўся, калі хадзіў па Калядзе. Таму і гучалі 19 чэрвеня ў касцёле прыгожыя словы. “Кожная сустрэча з вамі — гэта ўзор дабрыні і міласэрнасці, веры і любові. Шчыры, малады і прыгожы, як анёл з неба, з’явіліся вы ў нашай парафіі. Мы дзякуем Богу, што паслаў на наш шлях такога цудоўнага святара і гаспадара касцёла. Многа сіл прыклалі вы да таго, каб мы сталі адной вялікай сям’ёй, па-сапраўднаму адчулі сілу малітвы. Вы чалавек, якога Бог надзяліў вялікай прыгажосцю душы, дабрынёй і сціпласцю, мудрасцю ў духоўнай справе. Сваім прыкладам вы запальвалі ў нашых сэрцах агонь любові да Айца Нябеснага, каб мы зразумелі Божае Слова, каб, выходзячы з касцёла з прыўзнятым настроем, заўсёды адчувалі супакой і еднасць ад шчырай малітвы. Сардэчна дзякуем вам і нізка кланяемся за вашу працу ў нашай парафіі”.
На жаль, ксёндз Анджэй Возьняк пакідае нас. Магчыма, калі-небудзь вернецца, як абяцаў. Магчыма, калі-небудзь прыедзе як госць. Але мы ўдзячныя Богу за тое, што ён быў з намі столькі гадоў. Яго асоба, яго словы, учынкі будуць яшчэ доўга помніцца нам і рабіць нас лепшымі, весці, як ён і заклікаў, да Айца Нябеснага.
Ад імя парафіян, Аліна ЛАТЫШ / Пастаўскі край