Народные новости Витебска

Два віцебскія праекты занялі прызавыя месцы на фестывалі ADNAK

Народны збор гарадскіх адметнасцяў “Віцебскі алфавіт” атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі “Грамадсказначныя праекты” і дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Беларускаарыентаваны графічны і камунікацыйны дызайн”. Праект, які каардынаваўся гісторыкам Раманам Воранавым, сабраў ад жыхароў горада амаль 250 прапаноў па мясцовых феноменах.

Журы са складу навукоўцаў, мастакоў, супрацоўнікаў органаў улады адабрала найбольш яскравыя і папулярныя з’явы. Яны сфармавалі віцебскі алфавіт, укладзены ў адмысловы электронны зборнік з аўтарскімі тэкстамі розных даследчыкаў.

Сярод фіналістаў намінацыі “Стрыт-арт” прысутнічае твор віцебскага вулічнага мастака URA. Вялізны трафарэт “Zamiena kaštoŭnasciaŭ”, з назвай на беларускай лацінцы, размешчаны на будынку ў дварах вуліцы Кірава. Мастак адсылае гледача да праблем сучаснага свету з падменай духоўных каштоўнасцяў на матэрыялістычныя патрэбы. Вобраз для твора ўзяты з кінафільма “Індыяна Джонс. У пошуках страчанага каўчэга”, але на рабоце URA героі стужкі замест каўчэга цягнуць рухавік аўтамабіля “Жыгулі”.

“Замена каштоўнасцяў” атрымала дыплом другой катэгорыі, прычым першае месца і гран-пры ў графіці-намінацыі не былі прысуджаныя. Рэалізацыя “Замены каштоўнасцяў” і “Віцебскага алфавіта” праходзіла ў супрацы з творчай супольнасцю Vitebsk4Me.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ADNAK праходзіў у сёмы раз. Гэта прафесійны форум рэкламшчыкаў, маркетолагаў, дызайнераў, PR-менеджараў і іншых спецыялістаў, якія ў адкрытым конкурсе адбіраюць лепшыя творы за мінулы год.