Урачыстасці з нагоды Дня незалежнасці ў Віцебску прайшлі пад знакам Пагоні. Фотарэпартаж
Пад час урачыстага шэсця з нагоды Дня незалежнасці ў Віцебску над калонай дэманстрантаў дамінавалі сцягі з Пагоняй.
Як вядома, старадаўні сімвал Вялікага Княства Літоўскага з 2009 года з’яўляецца зацверджаным гербам Віцебскай вобласці. Калі ўлічыць, што Пагоня ёсць яшчэ на гербах і сцягах Верхнядзвінскага і Лепельскага раёнаў, то нядзіўна, што сцягоў з вершнікам было ці не болей чым афіцыйных чырвона-зялёных дзяржаўных.
У сваім выступе кіраўнік Віцебскай вобласці Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што незалежная Беларусь, якая сёлета адзначае 25-я ўгодкі суверэнітэту, мае карані сваёй дзяржаўнасці на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны, а менавіта — у Полацкім княстве.
Трэба, аднак, заўважыць, што дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР была ўрачыста прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года, а статус канстытуцыйнага закону набыла 25 жніўня 1991 году. Сама назва “Рэспубліка Беларусь” з’явілася 19 верасня 1991 году, тады ж сімваламі краіны былі прынятыя герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг.
Што тычыцца шэсця, то ў ім былі задзейнічаныя працоўныя калектывы трох раёнаў Віцебска. Адметнасцю стала тое, што сёлета напрыканцы пранеслі сцягі краін-удзельніц “Славянскага базару-2016”.