У Віцебску ў бальніцы памерла сястра Васіля Быкава

4 ліпеня ў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы памерла Валянціна Быкава — сястра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, пра гэта паведаміла прадстаўнік абласнога упраўлення Следчага камітэту Святлана Сахарава.
Валянціна Быкава ля габелена з партрэтам свайго брата. Фота Сержука Серабро

Як паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, 27 траўня у вёсцы Ваўчо Ушачскага раёна ва ўласнай хаце на спадарыню Валянціну быў здзейснены напад. Жанчына пачула падазроны гук у адным з пакояў і пайшла паглядзець, што там адбываецца. Злодзей ударыў яе, спрабаваў заціснуць рот. У выніку нападу ў Валянціны Быкавай былі зламаныя рука і некалькі рэбраў.

У абласную бальніцу сястру Васіля Быкава перавезлі 30 траўня, пасля таго, як некалькі дзён аказвалі дапамогу ў раённай бальніцы. Да пераломаў у пацярпелай дадалася посттраўматычная пнеўманія.

Па факце напада была ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 1 артыкула 149 (наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса. Магчыма зараз артыкул будзе перакваліфікаваны — следчымі прызначаныя дадатковыя экспертныя даследаванні, якія дапамогуць даць заключэнне аб прычынах смерці жанчыны.

Следчы камітэт запэўнівае, што сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў прымаюцца ўсе магчымыя меры для ўстанаўлення асобы, якая магла быць датычная да здзяйснення гэтага злачынства. Аднак зараз падазраваная асоба не ўстаноўленая. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Праз тры дні Валянціне Быкавай павінна было споўніцца 90 гадоў.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ