Увагу краязнаўцаў Аляксея і Андрэя Бухавецкіх прыцягнуў вялікі авальны цёмна-чырвоны гранітны валун у вёсцы Клясціцы Расонскага раёна.
Калі яны расчысцілі камень памерам 130х60 сантыметраў ад імху, то ўбачылі на яго паверхні рукатворную канаўку даўжынёй 136 сантыметраў. Мяркуецца, што гэты камень з’яўляецца культавым аб’ектам — ахвярнікам — часоў ранняга сярэднявечча, паведаміў “Народным навінам Віцебска” Андрэй Бухавецкі.
Сталыя жыхары Клясціцаў распавялі краязнаўцам, што да Другой сусветнай вайны да валуна хадзілі пажылыя вяскоўцы і вылівалі на камень ваду, клалі на яго розныя прынашэньні, лічачы, што гэта святы валун.
Другой каменнай знаходкай, выяўленай у Клясціцах, стаў доўгі крыжападобны валун на грамадзянскіх могілках. На пляскатым баку каменя памерам 134х70 сантыметраў краязнаўцы знайшлі высечаны дзевяціканцовы крыж памерам 44х25 сантыметраў. Магільны каменны крыж можна прыблізна датаваць Х-ХVI стагоддзямі.
“Знойдзеныя бясцэнныя дзіўныя помнікі нашай старажытнасці, нацыянальныя святыні. Гэтыя гістарычныя каменныя знаходкі кажуць пра тое, што людзі ў гэтых краях сяліліся значна раней, чым датуецца ў пісьмовых крыніцах”, — кажа Андрэй Бухавецкі.