ФК «Віцебск» перамог на выездзе “Тарпеда-БелАЗ”
Віцебскія футбалісты разжыліся трыма ачкамі ў Жодзіне, перамогшы мясцовы клуб «Тарпеда-БелАЗ» (2:1).
Пасля першага тайма нашы футбалісты прайгравалі 1:0. На 50-й хвіліне Арцём Салавей зраўняў лік, а праз чатыры хвіліны Сяргей Ціханоўскі вывеў «Віцебск» наперад.
Галоўны трэнер віцяблян Сяргей Ясінскі пракаментаваў гульню сваіх падапечных:
- Гульня была абсалютна роўная. І нічыя была б больш заканамерным зыходам. Але ў папярэдняй гульні, валодаючы перавагай і стварыўшы кучу галявых момантаў, мы ўпусцілі перамогу на апошніх хвілінах. Гэта была крыўдная страта ачкоў. А цяпер, магчыма, футбольны бог адплаціў нам за стараннасць і высілкі. Таму што без гэтага мы б сёння не выстаялі. Падалося, што гаспадары, забіўшы хуткі гол, крыху расслабіліся. Я ўдзячны сваім футбалістам за тое, што, нягледзячы на той прапушчаны гол, яны трымалі лінію гульні, стараліся гуляць у камбінацыйны футбол і зраўняць лік. Ну а пасля другога нашага гола, які атрымаўся кур'ёзны, супернік загнаў нас у штрафную. Справа выпадку або стойкасці нашых абаронцаў і брамніка - што яны адстаялі вароты пад неймаверным націскам гаспадароў. Павінен павіншаваць каманду з перамогай, няхай яна і не зусім лагічная. Але перамога ёсць перамога.