Жыхары Віцебска падрыхтавалі зварот да Лукашэнка ў абарону парка Партызанскай славы
Барацьба за зялёны астравок у цэнтры горада працягваецца. Як ужо паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, месца, прызначанае для будаўніцтва Сафійскага сабору ў абласным цэнтры абнесена жалезным плотам.
З боку вуліцы Урыцкага рабочыя ўстанаўліваюць будаўнічы вагон. Усё гэта лішні раз сведчыць пра тое, што больш грамадскага абмеркавання экалагічнай экспертызы праекта не будзе. І ў парку неўзабаве пачнецца будаўніцтва новага храма.
Жыхары вуліц Урыцкага і Чэхава робяць яшчэ адну спробу абараніць парк Партызанскай славы. Нагадаем, вясной гэтага года віцябляне ўжо падпісвалі віртуальную петыцыю, якая ўтрымлівала просьбу да мітрапаліта Паўла перанесці Сабор у іншы раён горада. Сабраўшы больш за 5000 подпісаў зварот быў праігнараваны. Новы ліст адрасаваны кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнка.
Зварот грамадзян звяртае ўвагу першай асобы дзяржавы на тое, што парк Партызанскай славы мае паўвекавую гісторыю, а Сафійскага сабора ў Віцебску не было ніколі. А таксама ўздымае відавочныя пытанні: якія змены ў праекце дазволілі яму прайсці экспертызу, чаму пад будаўніцтва выдзелены ўчастак у зялёнай зоне, і, нарэшце, за чые сродкі будзе ажыццяўляцца ўзвядзенне навабуда.
Падпісаць зварот можна будзе 26 верасня, у панядзелак, з 18 да 19 гадзін каля помніка Уладзіміру Караткевічу.